Францускі інжынэр-вынаходнік Франкі Запата ў нядзелю з другой спробы перасек праліў Ля-Манш, які аддзяляе Вялікабрытанію ад кантынэнту, на лятучай дошцы з рэактыўнымі рухавікамі.
Палёт доўжыўся каля 22 хвілінаў, уключаючы дазапраўку на спэцыяльнай плятформе, усталяванай у праліве. Запата стартаваў у Францыі непадалёк ад узьбярэжжа і прызямліўся ў Вялікабрытаніі недалёка ад гораду Дувр.
Хуткасьць палёту дасягала 177 кілямэтраў у гадзіну.
Франкі Запата выкарыстаў для палёту лятаючую плятформу Flyboard Air, якую сам жа і вынайшаў. Яна забясьпечаная пяцьцю невялікімі рэактыўнымі рухавікамі, якія працуюць на газе. Аўтаномны палёт магчымы толькі на працягу некалькіх хвілінаў, пасьля чаго неабходная дазапраўка.
Раней ніхто не перасякаў Ля-Манш на падобным тыпе транспарту. Запата пабіў свой уласны рэкорд далёкасьці палёту на лятучай дошцы — раней ён складаў толькі 2,3 кілямэтра.
Першая спроба вынаходніка перасячы Ля-Манш 25 ліпеня завяршылася няўдачай, ён ня змог прызямліцца на дазаправачнай плятформе.