Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каго вы зьбіраецеся агітаваць?» У Менску падаюць заяўкі на пікеты супраць закону аб адтэрміноўках


Валянцін Мілешка, удзельнік кампаніі за адмену закона аб адтэрміноўках
Валянцін Мілешка, удзельнік кампаніі за адмену закона аб адтэрміноўках

23-гадовы Валянцін Мілешка падаў заяўку на адзіночны пікет і хоча зьбіраць подпісы за адмену закону аб адтэрміноўках. «Мне званілі з адміністрацыі, сказалі: „Мы вырашым, трэба гэта ці не“, — распавядае Валянцін. — Але гэта ня ім вырашаць! Гэта грамадзянскае права любога чалавека!»

Валянцін Мілешка — удзельнік кампаніі «Пратэст BY». За некалькі дзён у тэлеграм-чаце кампаніі сабралася больш за 2000 чалавек, а пэтыцыя за адмену закону сабрала 10 000 подпісаў (гэта максымальная даступная лічба).

Два дзясяткі ўдзельнікаў кампаніі зьбіраюцца падаваць заяўкі на адзіночныя пікеты. Валянцін кажа, што некаторыя гэта ўжо зрабілі. Ён сам падаў заяўку 31 жніўня, каб правесьці пікет у парку імя 50-годзьдзя Кастрычніка.

«Заяўку зарэгістравалі і расьпісалі на ўпраўленьне ідэалягічнай працы Заводзкага раёну. Мне 1 жніўня патэлефанавалі адтуль, пыталіся, зь якой мэтай арганізоўваем, каго зьбіраемся агітаваць, няўжо няма ніякіх іншых спосабаў інфармаваньня людзей у краіне, — распавядае Валянцін.

«Я з вамі гэтую тэму абмяркоўваць ня буду», — адказала на запыт Свабоды Валянціна Папкова, намесьніца начальніка ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і ў справах моладзі Заводзкага раёну Менску. Яна размаўляла з Валянцінам па тэлефоне. У адказ на просьбу паведаміць, колькі заявак на падобныя пікеты пададзена і якія шанцы, што яны будуць дазволеныя, Папкова параіла пачытаць, што напісана аб працэдуры правядзеньня пікетаў на сайце Менгарвыканкаму.

Мілешку таксама праінфармавалі, што, каб правесьці пікет, яму трэба будзе аплаціць па 3 базавыя велічыні ў кожную інстанцыю: міліцыю, паліклініку і зелянбуд.

«Нават калі адзін чалавек, трэба будзе прыбіраць, ахоўваць і сачыць за бясьпекай», — усьміхаецца хлапец. Пікет можа абысьціся яму ў суму ня меней за 230 рублёў.

Паводле новага закону, адтэрміноўка ад войска для атрыманьня адукацыі будзе давацца толькі адзін раз. У Мінабароны новаўвядзеньні патлумачылі недахопам прызыўнікоў і адзначылі, што новыя правілы дазволяць кожны год набіраць на 4,5 тысячы больш маладых салдат, чым раней.

Імідж беларускага войска значна пацярпеў пасьля «справы Коржыча».

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай у падвале мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Маці загінулага салдата Сьвятлана Коржыч стала сымбалем змаганьня зь дзедаўшчынай.

Расьсьледаваньне справы Коржыча цягнулася каля 9 месяцаў. Вынікам яе сталі таксама дзясяткі судоў аб дзедаўшчыне ў войску, якія прайшлі па ўсёй Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка ўжо падпісаў закон, ён пачне дзейнічаць з 10 жніўня. Такім чынам, восеньскі прызыў пачнецца ўжо паводле новых правілаў. Гэта азначае, што некаторыя хлопцы-магістранты замест вучобы пойдуць служыць.

«Мне 23 гады, у мяне ёсьць вайсковы білет, але адтэрміноўка неўзабаве скончыцца і праз 2 месяцы будзе перагляд, — кажа Валянцін Мілешка. — Я таксама паступіў у магістратуру, таму мяне ўсё гэта датычыцца непасрэдна».

З самім законам аб адтэрміноўках Валянцін Мілешка катэгарычна ня згодны.

«Гэта яшчэ большае вяртаньне да СССР, парушэньне права на адукацыю, — кажа ён. — Наступствам гэтага закону стане яшчэ больш адток маладых людзей за мяжу. І так шмат людзей зьяжджае, а будзе яшчэ больш. Гэта неадэкватны закон».

Валянцін Мілешка лічыць, што Беларусь мусіць рухацца ў бок кантрактнага войска.

Кампанія «Пратэст BY» паведамляла, што рыхтуе масавы мітынг у Менску супраць закону аб адтэрміноўках на пачатку восені.

«Закон аб адтэрміноўках». Што важна ведаць

24 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьменах законаў па пытаньнях эфэктыўнага функцыянаваньня вайсковай арганізацыі дзяржавы» (так званы «закон аб адтэрміноўках»).

Прыняты ў другім чытаньні законапраект прадугледжвае, што:

  • адтэрміноўку ад прызыву для працягу адукацыі ў Беларусі будуць даваць толькі адзін раз (калі адтэрміноўкай студэнт ужо скарыстаўся, то на час службы ва Ўзброеных сілах яму будзе давацца акадэмічны водпуск);
  • тым, хто «належным чынам» атрымаў позву аб прызыве, але ўхіляецца ад прызыву, абмяжуюць выезд за мяжу (паводле міністра абароны Раўкова, абмежаваньне на выезд будзе тычыцца і тых, каго ваенкамат не знайшоў і ня змог уручыць позву);
  • у вайсковым білеце могуць зрабіць пазнаку «адсутнасьць законных падставаў» для непраходжаньня службы, калі чалавек да 27 гадоў ухіляўся ад прызыву;
  • тых, хто мае такую пазнаку, ня будуць браць на дзяржаўную службу, у Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства надзвычайных сытуацый, органы фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, Сьледчы камітэт і Камітэт судовых экспэртызаў;
  • замест разьмеркаваньня пасьля навучаньня ў ВНУ дазволяць служыць у войску па кантракце і не плаціць тады за адмову ад разьмеркаваньня.

Тэкст закону афіцыйна апублікаваны 30 ліпеня, асноўныя нормы набудуць моц праз 10 дзён. Гэта значыць, што прызыў, які адбудзецца ў жніўні-лістападзе, пройдзе паводле новых правілаў, але падобна, што ў тых, хто сёлета ўжо атрымаў адтэрміноўку і паступіў, напрыклад ,у магістратуру, права на адтэрміноўку адбіраць ня будуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG