На 66-гадовага пэнсіянэра са Шклова Ўладзімера Біткоўскага ўсклалі віну за крадзеж 31 вэнтылятара з папяровай фабрыкі «Спартак». Тэхніка зьнікла са складу неўзабаве пасьля завяршэньня ў 2011 годзе рэканструкцыі прадпрыемства і візыту на яго Аляксандра Лукашэнкі. Дачка асуджанага Ганна Ільіна два гады зьбірае доказы невінаватасьці бацькі, якому прысудзілі тры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.
У 2011 годзе Ўладзімер Біткоўскі адказваў за тэхнічны нагляд за будаўніча-мантажнымі працамі. Гэтага сьледзтву было дастаткова, каб зьвінаваціць яго ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, а суду ў 2019-м — адправіць на тры гады ў калёнію ўзмоцненага рэжыму. Вэнтылятары ж, як і тых, хто іх скраў, шукаюць дагэтуль.
У дачкі асуджанага Ганны Ільіной 17-гадовы стаж юрыста з эканамічнай адукацыяй. Яна апавядае Свабодзе, з чаго пачаўся крымінальны перасьлед, як вялося сьледзтва і ў якіх умовах сядзіць бацька-пэнсіянэр.
Што адбылося на фабрыцы. Сьцісла
- Рэканструкцыю фабрыкі «Спартак» скончылі 9 сьнежня 2011 году. Праз тры дні прадпрыемства наведаў Аляксандар Лукашэнка.
- Аб’ект увялі ў эксплюатацыю без вэнтыляцыйных сыстэм двух цэхаў, але заключэньне аб яго гатоўнасьці выдалі, каб укласьціся ў вызначаныя тэрміны завяршэньня прац.
- Для прыёмнай камісіі 31 вэнтылятар расставілі на даху згодна з праектам, але не падключалі да сыстэмы. Перад візытам Лукашэнкі іх прыбралі і здалі на склад. Са складу абсталяваньне і зьнікла.
- Адсутнасьць вэнтылятараў выявілася ў 2015 годзе падчас інвэнтарызацыі, праведзенай з ініцыятывы дырэктара прадпрыемства Алега Місюрова. Ён напісаў заяву ў раённую пракуратуру, а тая — у Сьледчы камітэт. Крымінальную справу аб зьнікненьні абсталяваньня распачалі ў 2017-м.
«24 фігуранты справы пазьбеглі пакараньня»
Ганна Ільіна кажа: каб разабрацца ў крымінальнай справе, замала юрыдычнай практыкі. Неабходна мець эканамічныя веды. Яна цьвердзіць, што назьбірала дастаткова дакумэнтаў аб невінаватасьці бацькі. Сярод доказаў называе тое, што фабрыка адмовілася ад прэтэнзіяў да яго. І тое, што па самім факце крадзяжу вэнтылятараў у траўні 2018 году распачалі іншую крымінальную справу, у дачыненьні да нявызначаных асоб, а перасьлед Біткоўскага па ёй спынілі.
«Вядома ж, вінаваты за хібы ў рэканструкцыі „Спартака“ павінен быў быць, і ім прызначылі майго тату. Мы не патрабуем яго апраўданьня, а хочам, каб расьсьледаваньне справы было аб’ектыўным і законным», — кажа яна.
Паводле яе, акрамя бацькі, фігурантамі справы былі яшчэ 24 асобы, якія меліся кантраляваць усталёўваньне вэнтыляцыйных сыстэм. Сярод іх службоўцы з уплывовымі сваякамі. Яны пазьбеглі крымінальнай адказнасьці за службовую нядбайнасьць, бо выйшаў 5-гадовы тэрмін пакараньня. У дачыненьні да астатніх крымінальны перасьлед спынілі праз адсутнасьць складу злачынства.
Ганна сьцьвярджае, што на сьведак, якія давалі паказаньні на бацьку, чыніўся ціск. Па яе словах, сьледчы прасіў іх падпісаць гатовыя пратаколы. Такія паказаньні, атрыманыя з парушэньнем належнай працэдуры, леглі ў аснову абвінаваўчага прысуду.
Ганна скардзілася ў службу ўласнай бясьпекі Сьледчага камітэту на незаконныя дзеяньні сьледчага, але ёй адпісалі, што факты не пацьвердзіліся.
Вэнтылятараў ня краў, але сядзець будзе
Уладзімер Біткоўскі працаваў галоўным спэцыялістам па будаўніцтве іншага шклоўскага прадпрыемства — заводу газэтнай паперы. На «Спартак» яго адкамандзіравалі ў 2009 годзе паводле дамовы паміж гэтым прадпрыемствам і заводам газэтнай паперы на аказаньне паслугаў тэхнічнага нагляду. Гэтыя функцыі ён выконваў да 2011 году. Прэтэнзіі да яго ў сьледзтва зьявіліся ў 2017-м.
7 сакавіка 2019 году Шклоўскі суд пакараў яго 4 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму за злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі. Паводле прысуду, ён нанёс папяровай фабрыцы «Спартак» шкоду на 26 тысяч рублёў. У ягоных дзеяньнях суд угледзеў «карысьлівую зацікаўленасьць, якая выявілася ў жаданьні стварыць бачнасьць сумленнага выкананьня службовых абавязкаў» і атрымаць за гэта прэмію.
29 ліпеня Магілёўскі абласны суд зьменшыў Біткоўскаму пакараньне да 3 гадоў.
На разглядзе ягонай апэляцыі пракурор даводзіў, што абвінавачаны стварыў умовы для зьнікненьня абсталяваньня. Зь ягоных слоў вынікала, што тыя, хто скраў вэнтылятары, ня выкрытыя дагэтуль, і пацьвердзіў, што цяпер расьсьледуецца крымінальная справа.
Абвінавачаны: справа сфальшаваная
Уладзімер Біткоўскі віны не прызнае. Заяўляе, што крымінальная справа супраць яго сфальшаваная.
Настойвае, што не падпісваў актаў аб прыёмцы аб’екта ў эксплюатацыю, бо ня меў на тое паўнамоцтваў, таму абвінавачаньне ў іх перавышэньні неабгрунтаванае.
Нагадаў, што рэканструкцыю фабрыкі скончылі зь незавершаным будаўніцтвам і што дагэтуль на фабрыцы людзі працуюць у шкодных умовах без вэнтыляцыі.
На пастанову Магілёўскага абласнога суду аб зьмяншэньні пакараньня на год абвінавачаны адрэагаваў рэплікай: «Няма закону ў Рэспубліцы Беларусь».
«З 2011 году людзі працуюць у шкодных умовах, і нікога гэта не хвалюе»
Ганна кажа, што, паводле яе зьвестак, 6 вэнтылятараў знайшліся на самой фабрыцы. Імі замянілі дарагія кандыцыянэры для папераробных машын. Работнікі ж двух «мадэрнізаваных» цэхаў ад 2011 году працуюць без сыстэм вэнтыляваньня.
Яна зьвяртала на гэта ўвагу КДБ, Дзяржкантролю, Сьледчага камітэту, пракуратуры і нават памочніка кіраўніка дзяржавы па нацыянальнай бясьпецы Віктара Лукашэнкі. Даводзіла, што сытуацыя вымагае праверкі і тэрміновага рэагаваньня, паколькі парушаны артыкул Крымінальнага кодэксу «Прыняцьце ў эксплюатацыю экалягічна небясьпечнага аб’екта». На звароты атрымлівала адпіскі.
«Калі людзі дзесяць гадоў працуюць без вэнтылятараў, у шкодных умовах, то першае пытаньне ў адэкватнага чалавека — хто гэта дазваляе? І высьвятляецца, што нікога гэтая сытуацыя не хвалюе. Кіраўніцтва здаволілася зьняволеньнем таты і гэтым падстрахавалася», — абураецца Ганна.
На самім прадпрыемстве адносна зьвестак Ганны Ільіной пра нібыта адшуканыя 6 вэнтылятараў сказалі, што такой інфармацыі ў іх няма. На просьбу пракамэнтаваць яе словы аб працы работнікаў без сыстэмы вэнтыляваньня галоўны інжынэр «Спартака» Андрэй Лузінаў паведаміў, што «гэта пытаньне тычыцца вытворчасьці і такія зьвесткі канфідэнцыйныя». Прадстаўнік адміністрацыі параіў нам зьвярнуцца з пісьмовым запытам.
Сьмерць Патрончыка паўплывала на зьмякчэньне меры стрыманьня Біткоўскаму
Уладзімера Біткоўскага першы раз арыштавалі ў канцы красавіка 2018 году. 7 траўня Ганна даведалася, што ў зьняволеньні памёр пэнсіянэр, былы дырэктар Круглянскай ПМК-266 Мікалай Патрончык. Яго ўтрымлівалі ў тым жа Магілёўскім ізалятары, што і яе бацьку.
«Навіна пра сьмерць Патрончыка мяне шакавала, — згадвае Ганна. — Я разумела, што мой бацька там жа і сур’ёзных хваробаў у яго ня менш, чым у Патрончыка, таму зь ім можа адбыцца тое самае».
Яна кажа, што ў бацькі нэкроз сэрца. Акрамя таго, ён жыве з наступствамі вытворчай траўмы — пералом асновы чэрапа. У маладосьці, калі працаваў на будоўлі, на яго ўпаў паддон з цэглай. Мае іншыя хваробы, уласьцівыя людзям сталага веку.
Па словах Ганны, ёй «цудам» удалося трапіць на прыём да начальніка Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці і на прыкладзе сьмерці Мікалая Патрончыка давесьці, што стан здароўя бацькі вымагае зьмяненьня меры стрыманьня.
Службовец пагадзіўся, але абавязаў сабраць мэдычныя дакумэнты і знайсьці паручальнікаў зь ліку «сур’ёзных людзей, якія выклікаюць давер». 11 траўня пасьля двух тыдняў няволі Біткоўскага адправілі пад хатні арышт у сувязі са станам здароўя. Дачцэ было забаронена мець з бацькам стасункі і набліжацца да яго.
«Жыў ён у Шклове і езьдзіў у Магілёў на працу. Сьледчы падбіваў кіраўніцтва арганізацыі, дзе тата рабіў, каб яго звольнілі, але яно не паддалося. Працоўныя адносіны з татам спынілі неўзабаве пасьля таго, як асудзілі 7 сакавіка 2019 году», — адзначае Ганна.
Паводле яе, да сустрэчы з кіраўніком абласнога ўпраўленьня Сьледчага камітэту здароўем падазраванага ў злачынстве пэнсіянэра сьледчы не цікавіўся. Дакумэнтаў пра гэта ў матэрыялах справы не было.
У пажылога нявольніка пасьцельны рэжым. Лекі купляе дачка
Другі раз Біткоўскага ўзялі пад варту сёлета 7 сакавіка, адразу па агучваньні прысуду. Ганна спадзявалася, што з улікам стану здароўя і адбыцьця хатняга арышту без спагнаньня пакараньне будзе з адтэрміноўкай, але марна.
На разгляд апэляцыі турэмныя мэдыкі далі даведку, што абвінавачанаму за 4 месяцы няволі 8 разоў аказвалі дапамогу. На пасяджэньні Біткоўскаму зрабілася кепска. Яму дазволілі прамаўляць седзячы. Блага яму было і тады, калі чакаў вэрдыкту судовай калегіі. У судовай залі яго трымалі ў клетцы.
Ганна кажа, што ў ізалятары бацьку прапісалі пасьцельны рэжым і дыету. Два разы на дзень даюць масла, яйка і малочныя харчы.
Лекі толькі беларускай вытворчасьці. Ад некаторых сядзельцу-пэнсіянэру становіцца блага, таму іх дазваляюць замяняць замежнымі аналягамі. Іх набывае Ганна з тымі, якіх у ізалятары няма. Пакунак мэдыкамэнтаў на паўтара месяца абыходзіцца больш як у 50 рублёў.
Па словах суразмоўніцы, з бацькам у камэры сядзяць пераважна маладыя людзі па наркатычных артыкулах. Стаўленьне да пажылога сукамэрніка паважлівае. Яго называюць «дзядя Вова».
«Раней не задумвалася, наколькі ў нас усё кепска»
Ганна характарызуе сябе як чалавека эмацыйна стрыманага, але прызнаецца: пасьля арышту бацькі ня раз душылася сьлязьмі ад злосьці і зьнявагі.
«Бацька законапаслухмяны чалавек. Усё жыцьцё працаваў. Ён выдатны спэцыяліст. За што зь ім і намі так абышліся?» — кажа суразмоўніца.
Ганна прызнаецца: да зьняволеньня бацькі, як і «большасьць беларусаў, лічыла, што безь віны і „жалезных“ яе доказаў у нас ня садзяць». Цяпер жа зразумела, што вінаватым могуць зрабіць любога.
«Раней я не задумвалася, наколькі ў нас усё кепска, — кажа яна. — Калі пачала пісаць у інтэрнэце пра гісторыю свайго бацькі, то не чакала столькі водгукаў і допісаў ад людзей з такімі ж гісторыямі».
«Сорамна, што не падзяліўся з сукамэрнікамі хлебам»
Ганна кажа, што ёй цяжка звыкнуцца з тым, як хутка турма зьмяняе бацьку. Па яе словах, за першыя дзесяць дзён «ён асунуўся, схуднеў, а скура стала зь сінім адценьнем».
«Ён усьміхаецца. Кажа, што ўсё добра, але было відаць, як яму цяжка», — заўважае яна.
Па яе словах, бацька часта піша. У лістах просіць парады па справе, падказвае, што трэба зрабіць для яго на волі. Родным зычыць здароўя і дзякуе за падтрымку. Просіць у перадачу пакласьці распушчальную каву і сала. Ганна ў перадачы кладзе і выпечку.
«На спатканьні ён сказаў, што пакуль чакаў мяне, то палову хлеба зьеў, а другую — схаваў у камэры. Прамовіў гэта шэптам і вінавата. Яму было сорамна, што хлебам не падзяліўся з сукамэрнікамі», — выціраючы сьлёзы, згадала яна.
У адным з допісаў пэнсіянэр-нявольнік параўнаў сябе з «Дон Кіхотам, які змагаецца зь ветракамі». Там жа адзначыў, што «трэба працягваць змагацца».
Даведаўшыся, што ягоны сабака сумуе безь яго і падоўгу не вылазіць з будкі, параіў родным «пагутарыць зь ім, бо ён усё разумее».
Публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.