Ганаровы патрыярх Праваслаўнай царквы Ўкраіны Філарэт зьвярнуўся да прэзыдэнта Ўкраіны Уладзіміра Зяленскага і Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе з прычыны ліквідацыі Ўкраінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату.
На думку Філарэта, прыхаджанаў УПЦ КП «фактычна сілай прымушаюць належаць да іншай канфэсіі — Праваслаўнай царквы Украіны».
«Прашу вас сілай міжнароднага аўтарытэту дапамагчы не дапусьціць незаконную ліквідацыю нашай царквы Міністэрствам культуры Ўкраіны», — гаворыцца ў звароце Філарэта да каардынатара праектаў АБСЭ ва Ўкраіне Генрыка Віладсэна, якое датавана 30 ліпеня.
У звароце да Зяленскага патрыярх заяўляе пра «рэйдэрскую атаку на маёмасьць УПЦ Кіеўскага патрыярхату», якую нібыта ўзначальвае прадстаяцель Праваслаўнай царквы Ўкраіны Епіфані. Акрамя таго, ён расказаў аб працэсе ліквідацыі УПЦ КП і папрасіў у прэзыдэнта «непасрэднага ўмяшаньня і спыненьня гэтага беззаконьня».
- 27 ліпеня Сынод Праваслаўнай царквы Ўкраіны вырашыў спыніць дзейнасьць рэлігійнай арганізацыі «Кіеўская патрыярхія Ўкраінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату» шляхам далучэньня да рэлігійнай арганізацыі «Кіеўская мітраполія Ўкраінскай праваслаўнай царквы Праваслаўнай царквы Ўкраіны)».
- Міністэрства культуры паведаміла, што пра гэта зрабілі запіс у Адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асоб, фізычных асоб — прадпрымальнікаў і грамадзкіх фармаваньняў.
- 31 ліпеня Філарэт паведаміў, што УПЦ КП падала ў суд на Міністэрства культуры з прычыны зьняцьця з рэгістрацыі.
- 20 чэрвеня ва Ўладзімірскім саборы Кіева сход пад старшынствам ганаровага патрыярха ПЦУ Філарэта вырашыў аднавіць існаваньне ліквідаванай царквы УПЦ КП і адмяніць прызнаньне Праваслаўнай царквы Ўкраіны. У ПЦУ рашэньне гэтага сходу адразу ж назвалі юрыдычна нікчэмным.
- 15 сьнежня 2018 у саборы Сьвятой Сафіі ў Кіеве адбыўся аб’яднаўчы сабор, на якім была створаная памесная Праваслаўная царква Ўкраіны. Яе прадстаяцелем абралі мітрапаліта Епіфанія з ранейшай УПЦ КП. 6 студзеня ў Стамбуле Сусьветны патрыярх Варфаламей ўрачыста ўручыў Епіфанію Томас аб прызнаньні кананічнай аўтакефаліі ПЦУ. 3 лютага адбылася інтранізацыя Епіфанія.
- 9 траўня ганаровы патрыярх Праваслаўнай царквы Ўкраіны Філарэт заявіў, што Ўкраінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату яшчэ існуе. Ён таксама дапусьціў аддзяленьне ад ПЦУ Кіеўскага патрыярхату і заявіў, што ўпаўнаважаны склікаць для гэтага царкоўны сабор. Тым часам Міністэрства культуры заявіла, што УПЦ КП спыніла існаваньне.