Сёньня завяршылася галасаваньне чальцоў кансэрватыўнай партыі Вялікай Брытаніі за лідэра партыі і кіраўніка ўраду.
Пра гэта паведамляе ВВС.
Імя пераможцы будзе абвешчанае заўтра. За пасаду змагаюцца былы кіраўнік МЗС Борыс Джонсан і дзейны кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Джэрэмі Гант.
Галасаваньне стартавала 6 ліпеня, яно праводзілася праз пошту. Удзельнічаць у выбарах новага лідэра маглі 160 тысяч чальцоў партыі.
Пераможца і пераемнік Тэрэзы Мэй зойме пасаду брытанскага прэмʼера ў сераду.
Да таго, як выбарчыя ўчасткі былі закрытыя, Алан Данкан пакінуў пасаду намесьніка міністра замежных справаў на знак пратэсту супраць магчымай перамогі Борыса Джонсана.
Раней міністры фінансаў Філіп Гэманд і юстыцыі Дэвід Гаўк заявілі, што маюць намер пайсьці ў адстаўку, калі Джонсан стане прэмʼер-міністрам.
Фаварытам спаборніцтва лічыўся Джонсан.
Паводле яго, Вялікая Брытанія мусіць выйсьці з Эўразьвязу да заканчэньня тэрміну 31 кастрычніка — «Трэба гэта зрабіць або памерці, што б ні здарылася». «Тое, што нам трэба, гэта воля і дух» — заявіў Джонсан.
Гант заявіў, што ён таксама гатовы да выхаду краіны з ЭЗ без пагадненьня, але хацеў бы ўзяць дадатковую адтэрміноўку, калі гэта неабходна, каб атрымаць новую ўгоду аб выхадзе.
Эўразьвяз неаднаразова заяўляў, што не адновіць перамоваў аб дамоўленасьці, дасягнутай з Тэрэзай Мэй.
Былы прэмʼер Вялікай Брытаніі Тоні Блэр мяркуе, што выхад краіны з ЭЗ без пагадненьня можа быць ад «вельмі складанага» да «катастрафічнага».
Блэр дадаў, што «ніякай пэрспэктывы» новай дамовы з ЭЗ, не існуе, паводле яго, замест гэтага варта правесьці новы рэфэрэндум аб Брэкзыце.