Індыя запусьціла да Месяца міжплянэтную станцыю «Чандраян-2», якая складаецца з пасадачнай плятформы, месяцахода ды арбітальнага апарату. Калі пасадка, заплянаваная на пачатак верасьня, пройдзе пасьпяхова, Індыя стане чацьвёртай краінай, якая зможа пасадзіць касьмічны апарат на паверхню Месяца.
Ракета-носьбіт GSLV Mk. III стартавала з касмадрому на высьпе Шрыхарыкота ў Бэнгальскім заліве ў 14.43 па мясцовым часу (а 12.13 па менскім часу). Трансьляцыя запуску вялася на YouTube-канале Індыйскай арганізацыі касьмічных дасьледаваньняў.
Першапачаткова запуск плянавалі правесьці 15 ліпеня, але яго спынілі за 56 хвілін да фактычнай адпраўкі ў космас з прычыны тэхнічных непаладак. У космас былі адпраўлены спадарожнік, які павінны будзе на працягу года знаходзіцца на арбіце Месяца і фатаграфаваць яго паверхню, пасадачная плятформа «Вікрам» ды месяцаход «Прагаян».
Спачатку Індыя разьлічвала, што запусьціць «Чандраян-2» на Месяц да 2013 года разам з Расеяй. Але пасьля правалу расейскай місіі «Фобас-Грунт» у 2011 годзе, ад партнэрства з Масквою было вырашана адмовіцца — нагадвае выданьне «Медуза».
У апошнія гады паміж дзяржавамі пачалася новая месяцавая гонка. У 2017 годзе, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў «Дырэктыву па касьмічнай палітыцы», паводле якой NASA плянуе запусьціць пілятуемую місію на Месяцы не пазьней за 2023 год, а таксама вывучае магчымасьць стварыць там базу. Ня пазьней 2030 года адправіць чалавека на Месяц плянуе і Кітай. У 2031 годзе — Расея.