Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мільён амэрыканскіх карыстальнікаў сацсетак «гатовыя» 20 верасьня ўзяць штурмам таямнічую «Зону 51»


Area 51
Area 51

Вайскова-паветраныя сілы ЗША параілі грамадзянам ня ўдзельнічаць у акцыі, абвешчанай у сетцы Facebook, арганізатары якой прапануюць вялікаму натоўпу людзей «штурмаваць Зону 51» — сакрэтную вайсковую базу ў пустыні Нэвада.

Пра свой удзел у Facebook-падзеі, створанай трыма сатырычнымі суполкамі, абвясьцілі больш за мільён карыстальнікаў. Арганізатары акцыі прапануюць людзям сёлета 20 верасьня ў 3:00 паспрабаваць масава ўварвацца на гэты сакрэтны выпрабавальны палігон часоў «халоднай вайны».

Згаданая тэрыторыя — частка нэвадзкага выпрабавальна-навучальнага палігону, якая апынулася ў цэнтры ўвагі тэорыяў змовы аб прыхаднях з космасу.

«Нас не спыніць!»

У закліках, апублікаваных у суполцы, гаворыцца, што «яны ня могуць спыніць нас усіх» і «давайце паглядзім на тых прыхадняў».

Акцыю абвясьцілі пасьля таго, як у нядаўнім інтэрвію прэзыдэнт Трамп ня стаў ні адмаўляць, ні пацьвярджаць, што вайсковыя пілёты ЗША назіралі іншаплянэтныя аб'екты.

Некалькі месяцаў таму ў СМІ трапіла інфармацыя пра тое, што амэрыканскі флёт выдаў для сваіх пілётаў новыя інструкцыі аб правілах паводзін пры сустрэчы зь лятучымі талеркамі, а таксама пра відэазапісы дзіўных лятучых аб'ектаў, зробленыя з вайсковых самалётаў.

База ВПС «Нэліс», разьмешчаная ў штаце Нэвада, выступіла з заявай, дзе гаворыцца, што ВПС ведаюць пра гэтыя паведамленьні ў Facebook і папярэджваюць, што «любыя спробы нелегальна патрапіць на гэтую тэрыторыю вельмі не рэкамэндуюцца».

Дзесяцігодзьдзямі існаваньне «Зоны 51» хавалі

ВПС зазначаюць, што не абмяркоўваюць сваіх сродкаў бясьпекі і што на гэтым выпрабавальна-навучальным палігоне створаная «гнуткая, рэалістычная і шматвымерная прастора» для выпрабаваньняў і «сучасных вучэньняў дзеля абароны нацыянальных інтарэсаў ЗША».

Прадстаўнікі амэрыканскага ўраду на працягу дзесяцігодзьдзяў адмаўляліся прызнаць існаваньне «Зоны 51», але ў 2013 годзе ЦРУ апублікавала рассакрэчаныя дакумэнты, у якіх згадваецца назва гэтай тэрыторыі плошчай 20 700 кв. км і пазначаецца яе месца на мапе.

На гэтай базе выпрабоўваліся самыя сакрэтныя самалёты, у тым ліку U-2 у 1950-х гадах, а пазьней — цяжка фіксаваныя радыёлякатарамі бамбавікі B-2.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG