Ва Ўкраіне ва ўсіх сфэрах жыцьцядзейнасьці дзяржавы — у дзяржаўнай службе, сфэры абслугоўваньня, у правасудзьдзі, ахове здароўя, навуцы, культуры — павінна выкарыстоўваецца ўкраінская мова. Гэта прадугледжана законам аб забесьпячэньні функцыянаваньня ўкраінскай мовы як дзяржаўнай, які ад сёньня набыў юрыдычную моц.
Згодна з законам, цяпер цягам трох месяцаў урад мусіць сфармаваць склад Нацыянальнай камісіі ў пытаньнях стандартаў дзяржаўнай мовы і прызначыць Упаўнаважанага ў абароне дзяржаўнай мовы. Менавіта Ўпаўнаважаны ў абароне дзяржаўнай мовы будзе кантраляваць выкананьне гэтага закону і дзяржаўных праграм разьвіцьця ўкраінскай мовы, а таксама разглядаць «моўныя» скаргі грамадзян і юрыдычных асобаў.
Што абавязвае закон
Усе грамадзяне, якія паступаюць на дзяржаўную службу, абавязаныя пацьвердзіць адпаведным сэртыфікатам свае веды дзяржаўнай мовы, у тым ліку прэзыдэнт, прэм’ер-міністар, міністры, дэпутаты ды іншыя кіраўнікі дзяржаўных органаў.
У той жа час закон не абавязвае размаўляць па-ўкраінску ў побыце, не вызначае мову рэлігійных абрадаў і не забараняе расейскай мовы. Патэнцыйна канфліктныя нормы закону набудуць юрыдычную моц праз 1–2,5 года.
Ва ўсіх грамадзян і юрыдычных асобаў ёсьць дастаткова часу, каб падрыхтавацца да новых моўных варункаў жыцьця ў краіне. За іх невыкананьне прадугледжаны штраф у памеры ад 3400 да 5100 грыўняў (ад 125 да 188 даляраў у эквіваленце). Пры паўторным парушэньні закону будуць спаганяць павялічаны штраф — ад 8500 да 11900 грыўняў (ад 300 да 450 даляраў адпаведна).
Вярхоўная Рада Ўкраіны 25 красавіка 2019 году ўхваліла закон аб выключным выкарыстаньні ўкраінскай мовы ва ўсіх сфэрах дзяржаўнага жыцьця. Каб яго ўхваліць, дэпутатам спатрэбілася два месяцы, і ўвесь гэты час парлямэнт не разглядаў ніводнага іншага законапраекту. У першым чытаньні праект закону быў ухвалены летась 4 кастрычніка.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў закон 15 траўня — ужо пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
Перад сваёй інаўгурацыяй новаабраны прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выказаў пэўныя сумневы ў канстытуцыйнасьці моўнага закону. Паводле яго, законапраект стаў закладнікам палітычнай рыторыкі, бо разглядаўся ў гарачцы выбарчага цыклю. Пасьля ўступленьня на пасаду прэзыдэнта ён паабяцаў пільна прааналізаваць гэты закон, «каб пераканацца, што ў ім выкананыя ўсе канстытуцыйныя правы і інтарэсы ўсіх грамадзян Украіны».
У чэрвені з ініцыятывы дэпутатаў фракцыі «Апазыцыйны блёк» Аляксандра Даўжанкова і Вадзіма Навінскага ў Канстытуцыйны суд Украіны паступіў дэпутацкі зварот з просьбай праверыць моўны закон на адпаведнасьць Канстытуцыі. Гэта падтрымалі яшчэ 49 дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны.