У NATO заклікалі Расею выкарыстаць «апошні шанец», каб захаваць Дамову аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (ДРСМД). «У адваротным выпадку Масква будзе несьці аднаасобную адказнасьць за наступствы», — заявіў генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг. Ён адзначыў, што адмова ад дамовы ставіць пад пагрозу бясьпеку Эўропы і ўсяго сьвету.
Столтэнбэрг папярэдзіў, што Расея ўжо распрацавала новую ядзерную ракетную сыстэму сярэдняй далёкасьці і нават разьмясьціла яе. Дзе менавіта, кіраўнік NATO не сказаў. Але, паводле яго, у зоне дасяжнасьці ракеты — Бэрлін, Франкфурт і Мюнхэн.
Першымі аб выхадзе з дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасьці ў пачатку сёлетняга году абвясьцілі Злучаныя Штаты. Там заявілі, што Расея парушае ўмовы дамовы і працягвае распрацоўваць забароненыя ўзбраеньні. У якасьці прыкладу была прыведзеная крылатая ракета 9М729.
Масква адпрэчыла абвінавачаньні, але таксама абвясьціла аб выхадзе з дамовы. 3-га ліпеня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін афіцыйна падпісаў закон аб прыпыненьні выкананьня ДРСМД.
- Раней у NATO заяўлялі, што ў пачатку жніўня абвесьцяць аб магчымых захадах у адказ пасьля спыненьня дзеяньня дамовы. Пры гэтым гаворка ня йдзе аб разьмяшчэньні амэрыканскіх ядзерных ракет у Эўропе.
- Дамова аб ракетах сярэдняй і малой далёкасьці была заключаная ЗША і СССР у 1987 годзе. Паводле яе былі ліквідаваныя крылатыя і балістычныя ракеты з далёкасьцю палёту ад 500 да 5500 кілямэтраў.