Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка заявіў, што пасьля прыходу Зяленскага існуе пагроза прарасейскага рэваншу. Ці так гэта?


Першыя крокі на пасадзе прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага выклікалі ў ягоных апанэнтаў асьцярогі наконт магчымасьці рэваншу прарасейсіх сілаў, якія дамінавалі ў часы кіраўніцтва Віктара Януковіча. Пра што канкрэтна кажуць крытыкі Зяленскага і як ацэньваюць іх трывогі аналітыкі?

Парлямэнцкія выбары, якія маюць адбыцца ва Ўкраіне ўжо праз тыдзень, 21 ліпеня, могуць выклікаць зьмены як ва ўнутранай, гэтак і ў зьнешняй палітыцы дзяржавы.

Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, доля прарасейскіх дэпутатаў у новым складзе Вярхоўнай Рады можа істотна павялічыцца. Апроч таго, аналітыкі зьвяртаюць увагу на шэраг рашэньняў новага прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага, якія тлумачацца ягонай недасьведчанасьцю і «граюць на руку Крамлю».

«Рэванш як нябачная радыяцыя»

На гэтым тыдні адразу некалькі ўкраінскіх палітыкаў заявілі аб пагрозах прарасейскага рэваншу. Каманда Пятра Парашэнкі найбольш актыўна выкарыстоўвае ў выбарчай кампаніі неабходнасьць супрацьстаяць «сцэнарам, якія напісаныя ў Крамлі і пачынаюць рэалізоўвацца ва Ўкраіне».

Экс-прэзыдэнт Пятро Парашэнка 11 ліпеня на сустрэчы з прадстаўнікамі Эўрапейскай бізнэс-асацыяцыі адзначыў, што «шчыра зьдзіўлены вялікаю колькасьцю антыўкраінскіх і прарасейскіх сілаў ва Ўкраіне»:

«Мы атрымалі рэванш па ўсіх франтах. Аспрэчваюць мову, веру, армію», — сказаў Парашэнка.

У час ягонага прэзыдэнцтва прыярытэты Ўкраіны на ўступ у Эўрапейскі Зьвяз і NATO былі замацаваныя ў Канстытуцыі. Цяпер жа, на думку Парашэнкі, палітыкі павінны аб’яднацца, каб не дапусьціць прыходу да ўлады тых палітычных сіл, якія выступаюць супраць гэтага.

Андрэй Парубій
Андрэй Парубій

Старшыня Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій у адным са сваіх выступаў на тэлебачаньні параўнаў магчымыя наступствы ад непрадуманых рашэньняў і дзеяньняў новага прэзыдэнта зь нябачнай радыяцыяй:

«Рэванш, як нябачная радыяцыя, сьмяротна заражае ўсю ўкраінскую прастору. Спачатку нас пераконваюць, што гэта „грамадзянская вайна“, потым яны скажуць пра фэдэратыўныя рэспублікі „ДНР-ЛНР“, а потым — што гэтым рэспублікам, апроч моўна-культурнай аўтаноміі, трэба даць яшчэ права вэта на пытаньні пра ўступ у ЭЗ і NATO».

Што насьцярожыла ўкраінскіх палітыкаў у першых кроках новага прэзыдэнта?

Кадравыя прызначэньні

Парушаючы закон «Аб ачышчэньні ўлады», ухвалены ў 2014 годзе адразу пасьля Рэвалюцыі годнасьці, Зяленскі прызначыў кіраўніком сваёй адміністрацыі Андрэя Богдана. У часе прэзыдэнцтва Віктара Януковіча той быў дарадцам прэм’ер-міністра Мікалая Азарава, а пазьней — адвакатам алігарха Ігара Каламойскага. Нягледзячы на пратэсты, Уладзімір Зяленскі адмовіўся яго звольніць і проста перайменаваў Адміністрацыю прэзыдэнта ў Офіс прэзыдэнта, вывеўшы яго такім чынам з-пад дзеяньня названага закону.

На пасаду намесьніка старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны прызначаны сябар дзяцінства Зяленскага, дырэктар студыі «Квартал-95» Іван Баканаў. Пры гэтым жонка новага кіраўніка спэцслужбы мае грамадзянства Расеі.

Кіраўніком Луганскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі стаў Віталь Камарніцкі — колішні дэпутат абласной рады ад Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча.

Кіраўніком Данецкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі прызначаны Паўло Кірыленка, бацькі і брат якога пражываюць у акупаваным Данецку і падтрымліваюць акупацыйныя ўлады.

Прызначаны на пасаду старшыні Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Андрэй Андрэйчыкаў мае цесныя сувязі з прарасейскімі сіламі, якія ў 2014 годзе выступалі за абвяшчэньне «Адэскай народнай рэспублікі».

У выбарчы сьпіс партыі «Слуга народу» былі ўключаныя дзьве асобы з падвойным грамадзянствам, у тым ліку з расейскім, а таксама людзі, якія пасьля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны наведвалі Расею.

Супрацьстаяньне з парлямэнтам

Зяленскі дагэтуль не падпісаў законы, ухваленыя Вярхоўнай Радай — аб часовых сьледчых камісіях (у ім рэглямэнтуюцца некаторыя этапы працэдуры імпічмэнту прэзыдэнта), а таксама аб дзяржаўнай падтрымцы нацыянальнай скаўцкай арганізацыі «Пласт», якая займаецца патрыятычным выхаваньнем дзяцей.

У офісе Зяленскага прагучалі заявы пра намер вэтаваць новы Выбарчы кодэкс, які скасоўвае мажарытарую сыстэму выбраў і ўводзіць адкрытыя сьпісы кандыдатаў у дэпутаты на выбарах у парлямэнт.

Рэглямэнтаваньне працэдуры імпічмэнту прэзыдэнта і пераход на прапарцыйную сыстэму выбараў былі аднымі з галоўных абяцаньняў Зяленскага ў часе прэзыдэнцкіх выбараў.

Скасаваньне вайсковага параду і замарожваньне дэкамунізацыі

Новы прэзыдэнт Украіны скасаваў традыцыйны вайсковы парад на Дзень незалежнасьці 27 жніўня, абгрунтаваўшы гэта неабходнасьцю эканоміць фінансавыя сродкі, каб падтрымаць імі вайскоўцаў. У той жа час ён ухваліў рашэньне аб пераносе Офісу прэзыдэнта ў іншы будынак. Крытыкі прэзыдэнта зьвяртаюць увагу, што кошт абодвух гэтых праектаў ацэньваецца ў аднолькавую суму — каля 300 мільёнаў грыўняў (прыблізна 11,5 мільёна даляраў у эквіваленце).

Уладзімір Зяленскі ў кабінэце прэзыдэнта
Уладзімір Зяленскі ў кабінэце прэзыдэнта

Апошні раз вайсковы парад з такім жа абгрунтаваньнем быў скасаваны ў часы прэзыдэнцтва Віктара Януковіча.

У Кіеве суд скасаваў перайменаваньне Маскоўскага праспэкту і праспэкту Ватуціна, якія атрымалі імёны Бандэры і Шухевіча адпаведна. У Харкаве аднавілі павалены помнік савецкаму маршалу Георгію Жукаву і вярнулі ягонае імя праспэкту, перайменаванаму ў гонар вядомага дысыдэнта, абаронцы правоў крымскіх татараў Пятра Грыгарэнкі. Такім чынам быў парушаны закон аб дэкамунізацыі.

Перадзел улады ў Кіеве

Уладзімір Зяленскі заявіў пра намер разьдзяліць пасады кіраўніка Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі і мэра Кіева.

Цяпер функцыі кіраўніка выканаўчай улады ў сталіцы Ўкраіны сканцэнтраваныя ў руках мэра Віталія Клічко, абранага жыхарамі Кіева.

У 2013 годзе аналягічнае рашэньне — выдзеліць асобную пасаду кіраўніка гарадзкой адміністрацыі Кіева, якога прызначае прэзыдэнт, — ухваліў Віктар Януковіч.

Цяпер да гэтага хоча вярнуцца і Зяленскі. Ягоныя крытыкі, і перш за ўсё Віталь Клічко, сьцьвярджаюць, што такім чынам горад пазбавяць самакіраваньня.

Судовая сыстэма

Адчуўшы, што прэзыдэнт пакуль ня мае ўплыву на праваахоўную сыстэму, украінскія суды пачалі адпускаць з-пад варты падазраваных у дзяржаўнай здрадзе і злачынствах супраць Майдану.

Апроч таго, актывізаваліся судовыя працэсы па абароне інтарэсаў алігарха Ігара Каламойскага ў справах аб канкурэнтах ягонаму авіяцыйнаму бізнэсу, аб нацыяналізацыі «Прыватбанку» і іншых.

Паводле пазоваў прадстаўнікоў атачэньня Віктара Януковіча адкрыта 8 крымінальных спраў у дачыненьні да былога прэзыдэнта Пятра Парашэнкі і яшчэ некалькіх прызначаных ім кіраўнікоў рэгіянальных уладаў.

Адначасова паплечнікі Януковіча спрабавалі вылучыцца кандыдатамі ў дэпутаты на парлямэнцкіх выбарах. ЦВК нават іх зарэгістравала, але пасьля пратэсту грамадзян вымушана была скасаваць рэгістрацыю.

Ці ёсьць у грамадзтве запыт на такі рэванш?

Палітычны экспэрт Аляксандар Салантай мяркуе, што для прарасейскага рэваншу ва Ўкраіне няма дастатковага грамадзкага запыту.

Аляксандар Салантай
Аляксандар Салантай

«Пад такую ідэю ў нацыянальным маштабе няма выбарнікаў. Асобныя партыі з прарасейскай рыторыкай могуць набіраць дастатковую колькасьць галасоў на выбарах. Калі ж гаворка аб рэваншы, які можа прывесьці да зьмены зьнешняй палітыкі, то хутчэй варта казаць пра рэванш праваленых рэформаў, а не прарасейскіх сілаў. Бо зьнешняя палітыка — гэта адлюстраваньне ўнутранай палітыкі, і калі мы правалім унутраныя рэформы, то гэта паўплывае і навонкі. Каб Украіна ўваходзіла ў клюб цывілізаваных краін, а не была падобная да Расеі, трэба рабіць унутраныя зьмены».

Экспэрт таксама выключае магчымасьць аб’яднаньня пасьля выбараў 21 ліпеня партыі Ўладзіміра Зяленскага «Слуга народу» і прарасейскіх сілаў у парлямэнцкую кааліцыю:

«Калі такі сцэнар будзе рэалізаваны, то ў „Слугі народу“ абваліцца рэйтынг. Тады і прэзыдэнт, і гэтая партыя стануць непапулярнымі, і тады ва Ўкраіне будуць падзеі, якія прывядуць да зрынаньня ўлады мірным або нямірным спосабам. Я мяркую, што гэта добра разумеюць і Ўладзімір Зяленскі, і ягоная партыя. Такі сцэнар ім нявыгадны. Ад яго можа быць шмат праблемаў, але яны нічога ня змогуць атрымаць. Гэта будзе палітычнае самагубства, такое, як некалі ўчыніў Януковіч, калі адмовіўся ад інтэграцыі Ўкраіны ў Эўрапейскі Зьвяз. Мы ж ведаем, чым гэта завяршылася».

Аляксандар Салантай мяркуе, што хутчэй трэба асьцерагацца рэваншу тых людзей, якія выступаюць супраць рэформаў.

«Калі мы гаворым пра рэванш тых людзей, якія хочуць выкарыстоўваць палітыку дзеля ўзбагачэньня, а ня дзеля рэалізацыі сваіх ідэяў, то бок рэванш карупцыянэраў над дзяржаўнымі кіраўнікамі, то мы гэтага ня можам дапусьціць. На жаль, палітыка і бізнэс не былі разьдзеленыя, і Ўкраіна не ператварылася з алігархічнай у неалігархічную».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG