Каля тыдня ў Менску ў тэставым рэжыме працуе пракат ровараў Kolobike — жоўтыя ровары ня трэба арэндаваць у офісе кампаніі, а можна проста знайсьці найбліжэйшы з дапамогай мабільнай праграмы, празь яе ж заплаціць, а пасьля паездкі пакінуць ровар дзе-небудзь у публічным месцы.
Арандаваць ровар можна за 1 рубель на паўгадзіны, а дадатковая хвіліна будзе каштаваць ад 4 капеек. Цэны ў іншых пракатах ровараў удвая большыя, але Kolobike прапануе толькі адну мадэль — гарадзкі ровар з трыма перадачамі (спартовых ці дзіцячых няма).
У плянах кампаніі запуск на вуліцы тысячы ровараў, а таксама трох соцень электраровараў і 250 самакатаў. На момант публікацыі для арэнды было даступна больш за 100 ровараў.
Як стартавалі?
Дырэктар кампаніі Kolobike Вадзім Осіпчык расказаў Свабодзе, што дакладнай статыстыкі аб тэставым запуску сэрвісу пакуль няма, але ад пачатку дня да 10 раніцы 12 ліпеня сэрвісам скарысталіся больш як для 500 паездак.
Пакуль сэрвіс яшчэ не запусьціўся на поўную магутнасьць: даступная толькі праграма на Android, бо праграма для iOS яшчэ знаходзіцца на разглядзе Apple. Самакатаў яшчэ няма ў пракаце, але яны ўжо прыйшлі ў краіну і маюць зьявіцца на наступным тыдні.
Людзі карыстаюцца пракатам дастаткова актыўна, кажа ён, пазытыўна адзначаюць яркі выгляд двухколавых машын і не наракаюць на цэны.
«Мы разглядалі гэта не як забаву, а як дадатковы від транспарту, — дадае Осіпчык. — Аўтобус, тралейбус, трамвай, мэтро, таксі… І вось у нас альтэрнатыва, каб чалавек мог карыстацца любым відам транспарту і камбінаваць гэтыя віды».
Ці шмат выпадкаў вандалізму?
У інтэрнэце пачалі зьяўляцца фота таго, як неахайна пакідаюць жоўтыя ровары на вуліцах — адзін нават кінулі ў сьметніцу, некаторыя вешалі на дрэва ці на плот. Але такіх выпадкаў няшмат, сьцьвярджае Осіпчык.
«Зразумела, такое мы прадугледжвалі, але я не хацеў бы завастраць на гэтым увагу, — адзначае ён. — Мы чакалі, што будуць акты вандалізму, але ў прынцыпе менавіта вандалізму, каб ровары ламалі ці псавалі, пакуль не было. Такое глупства, калі зухаватасьць паказваюць, было некалькі».
Як рэагаваць на гэта, ён пакуль ня ведае, ды кажа, што ня хоча, каб гэта «стала трэндам». Але на выпадкі, калі людзі занясуць ровары дамоў на ноч, давядзецца рэагаваць. Калі такое будзе паўтарацца, Kolobike можа зьвярнуцца ў міліцыю для прававой ацэнкі гэткіх дзеяньняў (сам ровар знойдуць праз GPS), а расцаніць гэта могуць як крадзеж.
Увогуле ж Осіпчык рады таму, як сустрэлі пракат Kolobike — кажа, што ганарыцца менчукамі і тым, як прынялі новы сэрвіс.
За крадзеж электрасамакатаў у іншай кампаніі, Eleven, завялі ўжо тры крымінальныя справы, а яшчэ адну бабку, якая падарыла скрадзены самакат унуку, пашкадавалі і ня сталі пісаць заяву ў міліцыю.