Узровень радыяцыі, у 800 тысяч разоў вышэйшы за норму, зыходзіць з корпуса патанулай у 1989 годзе савецкай падводнай лодкі «Камсамолец». Гэта зарэгістравалі нарвэскія навукоўцы.
Паводле іх, уцечка радыяцыі на гэты момант не стварае небясьпекі для навакольнага асяродзьдзя, паколькі судна затанула на вялікай глыбіні (1680 мэтраў) і радыяцыя хутка нэўтралізуецца ледзяной вадой Нарвэскага мора.
Пажар на атамнай падводнай лодцы «К-278» у красавіку 1989 году стаў прычынай гібелі 42 падводнікаў з 69, што знаходзіліся на борце. Разам з запасамі ядзернага паліва на дно пайшлі і дзьве ядзерныя тарпэды з плютоніевымі боегалоўкамі.
Уцечка радыяцыі з корпусу патанулай падлодкі была зарэгістраваная расейскімі і нарвэскімі экспэдыцыямі ў 1990-х, а таксама ў 2007 годзе. Аднак 7 ліпеня нарвэжцы ўпершыню выкарысталі падводны робат, які зрабіў ня толькі замеры радыяцыі, але і відэазапіс корпусу падлодкі. На мэталічных карпусах патанулых судоў з часам нарастаюць ледзяшы ў выніку хімічнай мінэралізацыі — узаемадзеяньня мэталу з салёнай вадой.
Пасьля катастрофы «К-278» Нарвэгія і Расея рэгулярна праводзяць маніторынг у раёне патанулай падлодкі, часам разам. Адмыслоўцы лічаць, што лепш за ўсё пакінуць падлодку там, дзе яна знаходзіцца, паколькі спроба падняць яе на паверхню нясе рызыку ўцечкі большай колькасьці радыяактыўнага матэрыялу.