Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як экс-старшыня Нацбанку Беларусі «заваліў» адзіную валюту


Станіслаў Багданкевіч, архіўнае фота
Станіслаў Багданкевіч, архіўнае фота

Ці будзе ў Беларусі з Расеяй адзіная валюта? Гэта пытаньне зноў гучыць напярэдадні сустрэчы прэзыдэнтаў абедзьвюх краін. Яна прызначана на 18 ліпеня.

Многія экспэрты лічаць, што адзіныя грошы з адзіным эмісійным цэнтрам у Маскве — найлепшы сродак для Крамля «ціха» паглынуць Беларусь. А вось рэальны выпадак з найноўшай гісторыі Беларусі, пра які расказвае былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч.

«Стаяў на сваім: падпісваць ня буду»

Увесну 1994 году, калі ў Беларусі яшчэ не існавала пасады прэзыдэнта, у Маскву паехала вялікая дэлегацыя падпісваць пагадненьне аб адзінай рублёвай зоне. Паехалі ня толькі высокія чыноўнікі з ураду і парлямэнту, але нават старшыні ўсіх аблвыканкамаў. Вячаслаў Кебіч, тагачасны кіраўнік беларускага ўраду, хацеў абставіць падпісаньне дакумэнтаў як асабістую вялікую перамогу. Пад працэдуру выбралі адмысловы час, калі расейскага прэзыдэнта Барыса Ельцына не было ў Маскве.

Тагачасны першы банкір Беларусі Станіслаў Багданкевіч распавёў «Свабодзе», што ў яго з Кебічам і тагачасным віцэ-прэм’ерам Міхаілам Мясьніковічам была дамоўленасьць падпісаць дакумэнты аб стварэньні агульнай валюты.

«Мая пазыцыя была такая: я не палітык, я старшыня Нацбанку, які павінен турбавацца аб грашовай сыстэме краіны. Таму я падпішу дамову толькі тады, калі ў ёй будзе зафіксавана, што Беларусь сама будзе вырашаць, колькі грошай выпускаць, які курс вызначаць, і ніхто ня мае права гэта вырашаць за нас, нават нейкі наднацыянальны орган. Інакш гэта будзе парушэньне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Кебіч зь Мясьніковічам з гэтым нібыта пагаджаліся», — распавядае Станіслаў Багданкевіч.

Але па ходу перамоваў расейцы як бы схамянуліся — што ж гэта атрымліваецца?! Калі прыняць беларускія ўмовы, то ў Менску па-ранейшаму будуць друкаваць сваіх «зайчыкаў» і на гэтыя «паперкі» купляць газ і нафту.

«На нейкім этапе перамоваў Кебіч і Мясьніковіч пачалі на мяне ціснуць і пагаджацца з пазыцыяй расейцаў. Але я стаяў на сваім: падпісваць ня буду, бо не магу парушаць Канстытуцыю. Для мяне гэта непрымальна. На дамове я напісаў, што катэгарычна ня згодны з палажэньнямі, якія тычацца Нацыянальнага банку, бо яны парушаюць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Пасьля чаго Мясьніковіч і Кебіч сталі на мяне ціснуць, што я падрываю прэзыдэнцкую кампанію прэм’ера», — канстатуе Станіслаў Багданкевіч.

Што запісана ў Дамове пра адзіную валюту

Дамову пра стварэньне саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі падпісалі ў 1999 годзе тагачасны прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Гадоў 20 таму называліся нават канкрэтныя даты, калі адзіная валюта пачне дзейнічаць. Меркавалася, што з 1 студзеня 2005 у Беларусі можна будзе разьлічвацца расейскім рублём, а з 1 студзеня 2008 запрацуе адзіная валюта.

У артыкуле 13 «Дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі» прапісана, што яна прадугледжвае паэтапнае ўвядзеньне адзінай грашовай адзінкі (валюты) з адначасовым стварэньнем адзінага эмісійнага цэнтру.

  1. Саюзная дзяржава мае адзіную грашовую адзінку (валюту). Грашовая эмісія ажыцьцяўляецца выключна адзіным эмісійным цэнтрам. Уводзіны і эмісія іншай валюты ў саюзнай дзяржаве, акрамя адзінай грашовай адзінкі, не дапускаецца.
  2. Да ўвядзення адзінай грашовай адзінкі і фармаваньня адзінага эмісійнага цэнтру на тэрыторыі дзяржаў-удзельніц працягваюць хаджэньне іх нацыянальныя грашовыя адзінкі. Пераход да адзінай грашовай адзінкі (валюты) ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з артыкулам 22 гэтай дамовы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG