Сёньня ў нас другая частка гутаркі з Андрэем Хадановічам, паэтам і перакладчыкам, літаратуразнаўцам і бардам, старшынём Беларускага ПЭН-цэнтру у 2009—2017 гг.
Андрэя Хадановіча я засьпеў на стыпэндыі ў Польшчы — ён часова жыве ва Ўроцлаве і перакладае вершы польскіх паэтаў. І таксама рыхтуе да друку сваю найноўшую паэтычную кнігу. Зь яе Андрэй прачытаў нам чатыры вершы.
Поўная гутарка ў аўдыёфайле. А тэкстам — толькі некаторыя яе матывы.
Рамяство і творчасьць
«Пераклад паэзіі — гэта вельмі складаны сымбіёз слаба сумяшчальных рэчаў. З аднаго боку, гэта пэўнае рамяство, пэўны набор напрацаваных тэхналёгіяў, а зь іншага боку — гэта чысьцейшая творчасьць, якая патрабуе палёту натхненьня, азарэньня, таго самага, што ёсьць у прынцыпе ў паэзіі. (…) Каб добра перакладаць вялікую паэзію, перакладчык — нават калі ён у вольны ад перакладу час ня піша сваіх вершаў — патэнцыйна мусіць быць вялікім паэтам».
Вэрлібры
«Шмат каму вэрлібр здаецца такой разьбітай на радочкі прозай. Маўляў, прапушчу я гэта праз Google Translate, а потым яшчэ крышачку падрэдагую, і атрымаецца верш. Я бачыў менш добрых перакладаў вэрлібраў, чым добрых перакладаў, здавалася б, складанай, віртуозна арганізаванай паэзіі. У вэрлібрах кожны раз працуюць свае невідочныя законы і правілы».
Чым адрозьніваецца сучасная беларуская літаратура ад даўнейшай
«Зараз мы маем дачыненьне зь людзьмі мабільнымі, зь людзьмі, якія шмат падарожнічаюць, раз — яны ня маюць моўных бар’ераў, два — яны валодаюць двума-трыма замежнымі мовамі, ну і, нарэшце, яны маюць да сваіх паслугаў інтэрнэт. Цяпер усё цяжэй сядзець у сваім гаршку».
Чым беларуская літаратура можа быць цікавая для замежнага чытача
«У беларусаў ёсьць гэты дух належнасьці адначасова да некалькіх традыцыяў. Мы можам адну і тую ж зьяву пабачыць зь некалькіх гледзішчаў, у некалькіх ракурсах. У нас з аднаго боку ёсьць наш постсавецкі досьвед, але зь іншага боку — мы эўрапейская краіна (…) з эўрапейскімі дачыненьнямі. Мы адначасова можам адчуваць як заходнія наратывы, так і ўсходнія. (…) Мы ўсё-ткі належым — і гэта найлепшае, што ў нас ёсьць — да шматкультурнай нацыі».
Канкрэтна якімі кнігамі мы сёньня можам пахваліцца перад іншаземцамі?
«Адна з гэтых кніг будзе вельмі тоўстая, а другая вельмі тоненькая, але ня менш значная і важкая. Перад [заходнімі] спадарамі ці спадарынямі можна выкласьці грувасткі том „Сабакі Эўропы“, а зьверху пакласьці элегантны паэтычны томік „Сарматыя“ Марыі Мартысевіч».
З новай паэтычнай кнігі Андрэя Хадановіча
ПЕРАХОД
Яна прадае ў пераходзе падземныя кветкі.
Ён грае насупраць песьні, часьцей чужыя.
Яна ні разу не кінула ні манэткі,
а сёньня адчула спазм у раёне шыі:
«Хлопча, песьня — агонь! Раву, як дурніца,
над нескладанай мэлёдыяй з простым вершам.
Слухай, вазьмі яшчэ ў сваю навальніцу!
Помніш, як мы запалілі ў 71-м?»
Яна старэйшая з выгляду ў тры разы.
А ён і ня надта прыгожы, зусім падлетак.
Заўжды пасьпявала націснуць на тармазы,
а сёньня не пасьпявае і кажа гэтак:
«Хлопча, песьня — агонь! Ты чуў сто разоў сам,
я ж закахалася зь першым акордам узятым.
Як ты паляну накрыў журавінавым соўсам
дзеля мяне ў Нью-Ёрку ў 80-м!»
Раптам: «Што за халера, не пазнаю.
Дзе ты мне граў яе, хлопча? І што пасьля я?»
Ён: «Я сьпяваю жывога».
«Чыю?»
«Маю».
Памаўчала і кажа: «Гэтая не чапляе».
Ён кажа: «Песьня — агонь, вунь дыміцца грыф мой.
Потым, калі згадаеш, будзеш натхняцца тым,
як запальвала зоркі ад музыкі з рыфмай
у пераходзе ў 2019-м!»
«Стоп. Я сыходжу». Пайшла. Ніколі ня збочвае.
Іншаму панясе букет міражоў.
Гарадзкая вар’ятка, а памяць дзявочая, —
пойдзе толькі за тым, хто за ёй сышоў.
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.