МЗС Эстоніі выказаў пратэст амбасадзе Расеі ў сувязі з намерам правесьці салют у Маскве 22 верасьня ў гонар 75-й гадавіны вызваленьня Таліну ад нямецкай акупацыі. Пра гэта ведамства заявіла ў сераду.
«Міністэрства замежных спраў сёньня запрасіла прадстаўніка амбасады Расеі і выказала пратэст з нагоды арганізацыі салюту ў Маскве 22 верасьня», — гаворыцца ў заяве.
Напярэдадні міністар замежных справаў Эстоніі Урмас Рэйнсалу назваў непрымальным правядзеньне салюту ў гонар 75-й гадавіны вызваленьня Таліна ад нямецкіх захопнікаў, якую ён назваў днём «паўторнай акупацыі» Таліну.
Усяго ў Маскве ў 2019-2020 гадах плянуецца зладзіць 17 сьвяточных салютаў з нагоды вызваленьня ад нямецкай акупацыі гарадоў Усходняй Эўропы. Тры зь іх ужо адбыліся (з нагоды вызваленьня Адэсы, Севастопалю і Менску).
У гэтую суботу, 13 ліпеня, у расейскай сталіцы адбудзецца салют з нагоды вызваленьня Вільні, а 1 жніўня — Коўна. Літоўскія гісторыкі зазначаюць, што Коўна немцы пакінулі бяз бою, так што пра вызваленьне гэтага гораду гаварыць не выпадае. Афіцыйнай рэакцыі літоўскіх уладаў на гэтыя пляны Масквы пакуль што няма.