Эўрапейскае паліцэйскае ведамства разам з Інтэрполам і пры падтрымцы ўладаў 33 краінаў правяло маштабную спэцаперацыю, мэтай якой стаў нелегальны рынак спартовага допінгу. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе Эўраполу, апублікаваным на сайце арганізацыі 8 ліпеня.
У выніку спэцапэрацыі:
- канфіскавана 3,8 млн нелегальных допінгавых рэчываў і кантрафактных лекаў (допінгавыя рэчывы, біялягічна актыўныя дабаўкі, мэдыкамэнты, спартовыя і харчовыя дабаўкі);
- арыштаваныя 234 падазраваных;
- заведзена 839 судовых спраў;
- ліквідавана 17 арганізаваных груп;
- разбураныя 9 падземных лябараторый;
- каля 1000 чалавек паведамілі аб вытворчасьці, продажы або выкарыстаньні допінгавых рэчываў.
Затрыманьні і вобшукі праводзілі ў 23 краінах Эўразьвязу і 10 краінах па-за межамі ЭЗ (Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Калюмбія, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Малдова, Чарнагорыя, Швайцарыя, Украіна і ЗША).
Паводле Эўраполу, мэтай апэрацыі сталі вытворцы і распаўсюджвальнікі кантрафактных анаболікаў — рэчываў, якія паскараюць утварэньне і абнаўленьне структурных частак клетак, тканін і цягліцавых структураў.
«За апошнія 20 гадоў сусьветны гандаль анабалічнымі рэчывамі значна вырас, — адзначаюць у Эўраполе. — Аднак гэтыя рэчывы могуць нанесьці сур’ёзную шкоду здароўю чалавека. Яны павялічваюць рызыку сардэчных прыступаў і атэрасклерозу, уплываюць на рэпрадуктыўную сыстэму, печань і ныркі і павышаюць рызыку разьвіцьця рака».