Жаночая зборная ЗША па футболе другі раз запар (і агулам чацьверты раз) стала чэмпіёнам сьвету. У фінале чэмпіянату амэрыканкі перамаглі зборную Нідэрляндаў зь лікам 2-0.
Першы гол з пэнальці забіла адна з трох капітанак зборнай Мэган Рапіна, другі — Роўз Лавэль.
Пасьля перамогі ЗША над Гішпаніяй у 1/8 фіналу, Рапіна жорстка адказала на пытаньне аб магчымым запрашэньні яе і каманды ў Белы дом.
«Я не пайду ў [нецэнзурна] Белы дом. Не, мяне там дакладна ня будзе. Хоць нас усё роўна не зьбіраюцца запрашаць. Моцна сумняваюся, што паклічуць», — сказала Рапіна.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп адрэагаваў на гэта допісам, у якім назваў паводзіны Рапіна непаважлівымі. Ён заявіў, што трэба спачатку перамагчы, а потым размаўляць. Пры гэтым, аднак, ён напісаў, што запрашае каманду ў Белы дом незалежна ад вынікаў чэмпіянату.
Рапіна, у сваю чаргу, адказала, што не адмаўляецца ад сваіх словаў, акрамя ўжываньня нецэнзурнага эпітэту. Яна абвінаваціла Дональда Трампа ў зьнявазе ідэалаў, на якіх былі заснаваныя Злучаныя Штаты. Некаторыя іншыя футбалісткі зборнай ЗША публічна падтрымалі яе пазыцыю.
Рапіна — адкрытая лесьбіянка, і пасьля перамогі над зборнай Францыі ў чвэрцьфінале, дзе яна забіла два галы, футбалістка сказала, што перамога мае для яе асаблівую каштоўнасць, бо ідзе месяц гонару ЛГБТ:
«Наперад, геі! Немагчыма выйграць чэмпіянат бяз геяў у камандзе, раней такога ніколі не атрымлівалася. Гэта навука!»