У Менскім раённым судзе пачаўся працэс над трыма непаўналетнімі, якіх абвінавачваюць у распаўсюдзе псыхаактыўных рэчываў у складзе арганізаванай групы.
Малодшаму, Ягору С., на момант арышту было 15 гадоў. Ён вучыўся ў менскім каледжы прадпрымальніцтва, куды паступіў пасьля вучобы ў менскай СШ № 101.
Вячаславу Л. і Андрэю С. — 16 і 17 гадоў. Яны вучыліся ў СШ № 67.
Усіх трох затрымалі 1 лістапада 2018 году і з таго часу трымаюць пад вартай. Акрамя сваякоў падсудных, на працэс прыйшлі маці іншых непаўналетніх, асуджаных па артыкуле 328, і праваабаронцы.
Маці падсудных у адчаі — іх дзецям пагражае ад 8 да 15 гадоў зьняволеньня. Напруга падчас судовага перапынку вылілася ў гучную спрэчку з сацыяльным пэдагогам Ветай Маркевіч, якую на працэс паслаў Менскі раённы аддзел адукацыі. Хоць раней Вета Маркевіч з падсуднымі не была знаёмая.
У чым абвінавачваюць непаўналетніх падсудных?
Падлеткаў абвінавачваюць па 3 частцы 328 артыкула Крымінальнага кодэксу. Паводле сьледзтва, яны незаконна набывалі і перавозілі рэчывы, рабілі ў розных месцах Менску і Менскага раёну гэтак званыя «закладкі» — патайныя схованкі, каб збыць іх з мэтай атрымаць прыбытак. Дзейнічалі ў складзе групы.
У справе фігуруюць 44 эпізоды аб закладках. 38 зь іх — гэта марыхуана. Максымальная закладка ў 54 грамы была зробленая ў лесе пад населеным пунктам Новая Вёска пад Менскам. Мінімальная, на 0,09 грама марыхуаны, — у жылым доме па праспэкце Газэты «Звязда».
Марыхуаны ўсяго было закладзена больш за 400 грамаў, таксама ў лесе каля вёскі Хадакова, што непадалёк ад Новай Вёскі, і ў лесапаласе на вуліцы Алібегава.
Яшчэ ў 6 закладак хлопцы нібыта заклалі псыхатроп «Альфа ПВП». Зь іх 5 закладак утрымлівалі меней за грам гэтага сынтэтычнага псыхаактыўнага рэчыва, адна — ажно 20 грамаў. Гэтая апошняя знаходзілася ў вэнтыляцыйнай шахце на даху дома па праспэкце Газэты «Звязда». Адносна кожнай закладкі ў матэрыялах справы фігуруюць дакладныя дадзеныя геалякацыі. Ва ўсіх выпадках розныя.
Сьледзтва ня высьветліла, зь якой крыніцы і пры якіх абставінах хлопцы атрымлівалі рэчывы. У матэрыялах справы фігуруе толькі час, пазьней за які закладку не маглі зрабіць — гэта 1 лістапада 2018 году, калі ўсіх трох арыштавалі і правялі ў іх кватэрах вобшукі.
Як затрымлівалі хлопцаў?
Дзядуля аднаго з затрыманых Андрэй С. пацьвердзіў суду, што калі раніцай 1 лістапада ў іх кватэру ўварваліся міліцыянты, на ўнука надзелі кайданкі. Менавіта тады ад аднаго зь міліцыянтаў ён пачуў, што «ўнук пачаў даваць паказаньні». Пры гэтым, паводле сьведкі, сам ён кайданкаў ня бачыў, бо ўнук сядзеў да яго тварам, з рукамі за сьпінай.
Марына, маці Ягора С., кажа, што раніцай у кватэру ўварваліся 8 чалавек у цывільным.
«Я толькі з душа, сына зьбіраем на вучобу. Мы з мужам падумалі, што рабуюць, муж нават схапіўся за нож, абараняцца ад рабаўнікоў. А яны схапілі Ягора, павалілі і пачалі патрабаваць, каб сказаў код тэлефона. Паводле мужа, сына душылі. Дасталі зброю. Толькі тады мы зразумелі, што гэта нешта іншае».
У тое, што сын рабіў закладкі, жанчына ня верыць, бо быў «увесь час, акрамя вучобы ў каледжы», пад яе кантролем. Пра сына яна распавяла, што той займаўся спортам, вучыў ангельскую мову, зьбіраўся працягваць вучобу ў ВНУ.
Фінансавага матыву ў такіх дзеяньнях, паводле маці, у яго таксама не было.
«Ён штодня меў ад нас па 5 рублёў на кішэнныя выдаткі і каб паесьці ў каледжы, на выходныя таксама. На дзень нараджэньня мы яму заўсёды дарылі грошы, каб мог сам сабе набыць тое, што хоча. Вось красоўкі купіў, пра якія марыў. Але айфон, які ў яго ёсьць, я яму набыла ў растэрміноўку, толькі нядаўна выплаціла», — згадала маці Ягора. Па яе словах, яна ня бачыла, каб у сына было зашмат грошай.
Пасьля арышту жанчына даведалася, што сын паспытаў марыхуану. Яна шкадуе, што раней не пасьпела пагаварыць зь ім пра небясьпеку ўжываньня і распаўсюджваньня наркотыкаў.
«Упусьціла момант, — кажа яна ў размове з карэспандэнтам Свабоды. — Пра групу „Сіні кіт“ гаварыла, але не пра наркотыкі. Бо я ня ведала, што гэта цяпер так проста. Меркавала, што каб нешта набыць, патрэбны кантакт з дылерам, а цяпер усё інакш».
Жанчына кажа, што ні саміх наркотыкаў, ні рэчаў, зьвязаных з наркотыкамі, у іхнай кватэры не знайшлі.
«Вечарам ішоў гуляць зь сябрамі, але пад нашым кантролем»
Сьвятлана, маці Вячаслава Л., таксама мяркуе, што ў яе сына проста не было часу займацца продажам наркотыкаў.
«Спачатку ў школе, потым дома, робіць заданьні. Толькі ўвечары ідзе да сяброў на вуліцу, але заўсёды з тэлефонам, мы зь ім зьвязваемся рэгулярна. Каб некуды езьдзіў рабіць закладкі — ды немагчыма».
Паводле бацькоў Вячаслава, матэрыяльных патрэб у яго не было. «Кішэнныя грошы давалі ўвесь час».
Расповед Сьвятланы Л. пра затрыманьне сына падобны да расповеду Марыны С.: уварвалася група ў цывільным, адразу пайшлі да сына і запатрабавалі мабільны тэлефон. Потым быў вобшук. «У нас нічога не знайшлі».
Ягор С. і Вячаслаў Л. цалкам не прызнаюць сваю віну, а вось Андрэй С. прызнаў віну часткова: што займаўся распаўсюдам марыхуаны ў складзе групы, але не распаўсюджваў псыхатропы «Альфа ПВП». У Андрэя С. у сям’і іншая сытуацыя, чым у астатніх дваіх. Бацькі ў разводзе, ён жыве з маці-інвалідам і дзедам.
«Да пятага клясу вучыўся добра, а потым, як пачаліся праблемы ў сям’і, пайшло інакш», — казаў на судзе ягоны дзядуля Міхаіл. Ён прызнаў, што ў іхнай кватэры міліцыянты знайшлі шалі і шкляначку, «здаецца, з марыхуанай».
Чаму сваякі асуджаных па 328-м артыкуле не давяраюць сьледзтву і суду?
Яны кажуць, што падобныя справы часта фабрыкуюцца міліцыянтамі. І крытыкуюць міліцыю, што не займаецца прафіляктыкай.
«Чакаюць, пакуль юнак захрасьне ў злачынствах, замест таго каб пасьля першага ўчынку спыніць юнака, патлумачыць і ў школе пры ўсіх папярэдзіць», — кажа адна з актывістак Натальля. Паводле Натальлі, улады хаваюць ад грамадзкасьці колькасьць непаўналетніх, асуджаных за распаўсюд наркотыкаў, каб ня сталі вядомыя памеры гэтай зьявы.
Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць
- У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
- 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.