Абітурыентка, рэпэтытар і арганізатары цэнтральнага тэставаньня распавядаюць пра вынікі ЦТ.
Сёлета арганізатары цэнтралізаванага тэставаньня зьмянілі сыстэму падліку балаў, што прывяло да дзіўных вынікаў: людзі змаглі набраць высокія балы, ставячы адказы наўздагад.
«Можна натыкаць на 50 балаў»
Дар’я сёлета паступае на факультэт журналістыкі. Тэставаньне здавала па чатырох прадметах: расейскай і беларускай мовах, гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве. Да іспытаў яна рыхтавалася год: на курсах і з рэпэтытарамі. Ужо пасьля тэставаньня дзяўчына прачытала пра выпадкі, калі людзям удалося набраць балы, расставіўшы адказы ў блянку тэставаньня наўздагад.
Так, дацэнт БДПУ Сьвятлана Лугаўцова здала наўздагад біялёгію на 44 балы, што блізка да сярэдняга. Былы супрацоўнік Мінадукацыі, выкладчык Сяргей Альшэўскі здаў наўздагад расейскую мову на 25 балаў, матэматыку — на 49.
На думку Дар’і, гэта зьвязана са зьменай сыстэмы падліку балаў на ЦТ.
«Гэтая сыстэма падліку несумленная ў адносінах да абітурыентаў, бо па інтэрнэце ходзіць шмат вынікаў людзей, якія правільна адказалі на 2 пытаньні і атрымалі пад 30 балаў. Гэта абурае, бо ў мяне, напрыклад, па грамадазнаўстве 84 балы і толькі 3 памылкі. Летась я б набрала з такімі вынікамі больш за 90 балаў. Крыўдна тым, хто рыхтаваўся ўвесь год, бо няясна, чаму так адбываецца, калі можна натыкаць на 50 балаў, а пасьля 80 трэба змагацца за кожны бал», — кажа Дар’я.
Абітурыентка скончыла гімназію ў Бараўлянах, па грамадазнаўстве і гісторыі Беларусі рыхтавалася на курсах, па расейскай мове — на онлайн-курсах. Па грамадазнаўстве набрала 85 балаў, па расейскай мове — 84. Выніку па гісторыі пакуль яшчэ няма.
«Апошні раз такое было 8 гадоў таму!»
Набраць наўздагад высокія балы на тэставаньні можна было апошні раз у 2008 годзе, прыгадвае стваральнік цэнтру «100 балаў» Яўген Лівянт. Тады адзін ягоны вучань набраў 36 балаў, проста паставіўшы ва ўсім тэсьце 2 нумар варыянту адказу.
«Тады тэст быў дастаткова цяжкі, вучні панабіралі і 50 балаў, якія займаліся. А ён нічога не рабіў і набраў 36. Такі год быў апошні, бо арганізатары ЦТ рабілі высновы і рэгулявалі іспыты ў лепшы бок. З 2008 году нельга было натыкаць больш, чым на 12 балаў», — прыгадвае Яўген Лівянт.
Цяпер жа сыстэму падліку зьмянілі, хоць тэсты па складанасьці засталіся такія самыя, працягвае Яўген Лівянт.
«Калісьці былі „прыпіскі“ ў розных сфэрах. Гэта было распаўсюджана ў сельскай гаспадарцы, у вытворчасьці. Пасьля гэта ўдалося выкараніць. А цяпер стаяла задача: як замест сярэдняга бала ад 20 да 30, у залежнасьці ад прадмету, зрабіць 50», — кажа Яўген Лівянт.
Арганізатары ЦТ: «Усё добра!»
Дырэктар Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў Юры Міксюк новай мэтодыкай падвядзеньня вынікаў цэнтралізаванага тэставаньня цалкам задаволены.
«Мы абралі ўсясьветную мэтодыку, гэта інструмэнт паўнаты ведаў. Калі абітурыент за вызначаны час не рашае заданьняў — або гэта прабелы ў ведах, або ён затраціў больш часу на нешта, і ведаў не хапіла, каб укласьціся ў час», — сказаў кіраўнік Інстытуту кантролю ведаў.
Што да здачы тэставаньня наўздагад, Юры Міксюк прызнае, што такая праблема ёсьць.
Аднак, на яго думку, абітурыент, для якога важныя вынікі, ня будзе так ставіцца да тэсту.
«Мы заклікаем абітурыента заўсёды паказваць свае веды. Ёсьць тэорыя імавернасьці, інтуіцыя, „мэтад тыку“. Але „мэтадам тыку“ шмат не набярэш. Праца будзе працягвацца. Як з гэтым змагацца, будзем думаць».
Што да пытаньня, чаму сёлета так вырас сярэдні бал па матэматыцы — з 32,32 бала летась да 50 сёлета, Міксюк адказаў:
«Сярэдні бал павінен быць у раёне 50. Ва ўсім сьвеце так».