Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходнія спэцслужбы спрабавалі ўзламаць «Яндэкс», — Reuters


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Хакеры, якія працавалі на «заходнія спэцслужбы», у 2018 годзе рабілі спробу ўзлому сэрвісаў расейскай кампаніі «Яндэкс», піша Reuters са спасылкай на чатыры неназваныя крыніцы.

У сеткі кампаніі ўсталявалі праграму Regin, з дапамогай якой можна было сачыць за ўліковымі запісамі карыстальнікаў. Гэтая праграма выкарыстоўваецца альянсам спэцслужбаў ЗША, Вялікай Брытаніі, Аўстраліі, Новай Зэляндыі і Канады, сьцьвярджаюць крыніцы. Аб праграме расказваў у 2014 годзе былы супрацоўнік Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША Эдвард Сноўдэн.

Афіцыйны прадстаўнік «Яндэксу» пацьвердзіў факт атакі, але адмовіўся раскрыць падрабязнасьці — толькі заявіў, што атаку выкрылі «на вельмі раньняй стадыі», праграма была нэўтралізаваная перад тым, як пасьпела нанесьці шкоду і атрымаць доступ да зьвестак карыстальнікаў. Крыніцы ж Reuters кажуць, што хакеры мелі доступ да сеткі кампаніі прынамсі некалькі тыдняў.

Паводле крыніц Reuters, хакеры маглі «паляваць» на тэхнічную інфармацыю пра тое, як «Яндэкс» ідэнтыфікуе карыстальнікаў, каб пасьля ствараць фіктыўных карыстальнікаў і атрымліваць доступ да перапіскі рэальных людзей.

Выведкі ўсіх краінаў, згаданых Reuters, адмовіліся камэнтаваць гэтыя зьвесткі. Таксама адмовіліся ад камэнтароў у «Лябараторыі Касьперскага» — яна, паводле крыніц, дапамагала «Яндэксу» разабрацца з атакай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG