Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кітаі могуць адсачыць кожны ваш рух. Ці такая будучыня чакае Беларусь і ўвесь сьвет?


Кітайскія сілы бясьпекі на вуліцах гораду Урумчы ў правінцыі Сіньцзян пасьля пратэсту ў 2009 годзе
Кітайскія сілы бясьпекі на вуліцах гораду Урумчы ў правінцыі Сіньцзян пасьля пратэсту ў 2009 годзе

Экспэрт у кібэрбясьпецы і кантролі дадзеных спрабуе адказаць, як паводзіць сябе ў «новых сусьветах».

Вас могуць арыштаваць і паслаць у «перавыхаваўчы» лягер, калі альгарытм ІААП (Інтэграванай аб’яднанай апэрацыйнай плятформы) палічыць вашыя паводзіны падазронымі. Вось што, напрыклад, можа прывесьці да расьсьледаваньня супраць вас:

  • вы не камунікуеце з суседзямі,
  • вы карыстаецеся праграмамі са сьпісу 51 падазроных, у тым ліку Telegram, Viber, WhatsApp,
  • у сваёй кватэры вы спажываеце электрычнасьці больш за «норму»,
  • вы маеце сваякоў за мяжой,
  • цэнтралізаваная сыстэма відэаназіраньня з тэхналёгіяй распазнаваньня твараў паказала, што вы рэгулярна бываеце ў «падазроных» месцах.

Гэта ня ўрывак з раману-антыўтопіі, а некаторыя пункты травеньскай справаздачы міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch пра цэнтралізаваную сыстэму сачэньня ў кітайскай правінцыі Сіньцзян.

Кітайская паліцыя на вуліцах гораду Кашгар у правінцыі Сіньцзян у лістападзе 2017 году
Кітайская паліцыя на вуліцах гораду Кашгар у правінцыі Сіньцзян у лістападзе 2017 году

Кітайскія ўлады тлумачаць яе неабходнасьцю змагацца з ісламскім тэрарызмам і сэпаратызмам. Праваабаронцы кажуць, што з дапамогай гэтай праграмы адбываюцца масавыя неабгрунтаваныя рэпрэсіі супраць уйгураў — цюркамоўнай меншасьці ў Кітаі. Паводле некаторых ацэнак, да 1 мільёну з 13 мільёнаў уйгураў, якія жывуць ў Сіньцзяне, трапілі ў гэтак званыя «перавыхаваўчыя» лягеры.

Тое, што адбываецца ў Сіньцзяне, можна назваць крайнім выпадкам, але, паводле Human Rights Watch, кітайскія ўлады плянуюць і ўжо ўводзяць ў дзеяньне некаторыя функцыі масавага сачэньня па ўсёй краіне.

Наколькі вялікая спакуса для ўрадаў іншых краінаў стварыць падобныя цэнтралізаваныя сыстэмы татальнага сачэньня, матывуючы гэта клопатам пра бясьпеку грамадзян? З такім пытаньнем Радыё Свабода зьвярнулася да дасьледчыка славацкага інстытуту палітыкі Globsec Юрая Чорбы, які займаецца пытаньнямі штучнага інтэлекту, кібэрбясьпекі і кантролю дадзеных.

— Інавацыйныя тэхналёгіі сапраўды мяняюць спосабы дзяржаўнага кіраваньня. Мы бачым гэта ва ўсім сьвеце, і цяпер толькі пачатак новай эры. Нам давядзецца перагледзець сыстэмы кіраваньня нашымі грамадзтвамі.

Новыя тэхналёгіі ствараюць новыя магчымасьці карыстацца інфармацыяй. Вядома ж, інфармацыя ва ўсе часы давала вам уплыў. Але цяпер нам трэба наноў вырашаць у якой ступені мы можам умешвацца ў асабістае жыцьцё, каб даць грамадзянам гарантыі бясьпекі.

У той жа час мы павінны разумець, што дадзеныя вельмі важныя для бізнэсу. Нам давядзецца вызначыць, які бізнэс з інфармацыяй зьяўляецца легітымным.

І яшчэ, вельмі важна будзе знайсьці нейкія правілы на міжнародным узроўні. Бо інакш будзе працягвацца гонка інфармацыйных узбраеньняў. Ніхто не захоча адставаць.

— Ці спрабавалі вы зразумець, наколькі шмат сьлядоў вы пакідаеце, калі проста ходзіце па Браціславе? Камэры, электронныя плацяжы...

— Сёньня, куды б вы ні пайшлі, якой бы прыладай вы ні карысталіся для камунікацыі, для некага гэта можа быць крыніцай інфармацыі. І гэта будзе толькі павялічвацца са зьяўленьнем «інтэрнэту рэчаў», калі штучны інтэлект пяройдзе з дысплэяў і манітораў у рэальны фізычны сьвет. Чым больш гэтага будзе, тым больш сьлядоў мы будзем пакідаць.

Мне здаецца, што ў выніку мы апынемся ў асяродзьдзі, дзе амаль усё ўвесь час адсочваецца. І пытаньне толькі ў тым ці застанецца ў нас выбар — прынамсі выбраць прапорцыі адсочваньня, і хто будзе мець доступ да гэтай інфармацыі.

Трэба таксама гарантаваць, каб людзі атрымоўвалі дастатковую кампэнсацыю за тое, што іх дадзенымі карыстаюцца. Каб людзі мелі за гэта адэкватную бясьпеку, камэрцыйныя паслугі, каб быў балянс паміж тым, што мы даем і што мы атрымоўваем узамен.

— У Беларусі два гады таму ўвялі цэнтралізаваную сыстэму відэаманіторынгу. Нібыта для змаганьня са злачыннасьцю і папярэджаньня надзвычайных сытуацый. На вашую думку, ці ёсьць падставы ў законапаслухмяных грамадзян баяцца такой сыстэмы?

— Цяпер няма стандартаў для выкарыстаньня новых тэхналёгіяў. Відэаназіраньне ўваходзіць у новую эру з разьвіцьцём тэхналёгій распазнаваньня твараў. Пытаньне ў тым, ці знойдуцца палітычныя лідэры, якія ясна выкажуцца пра гэтыя тэхналягічныя выклікі для грамадзтва.

Пакуль што незразумела, ці мы дастаткова хутка ўсьвядомім рызыкі і магчымыя пазытыўныя наступствы гэтых тэхналёгій. Мы толькі вывучаем новы краявід, які вельмі хутка мяняецца. Гэта будзе велічэзны тэст на нашыя чалавечыя здольнасьці — зразумець, як нам жыць разам, як арганізоўваць дзяржаўнае кіраваньне і як думаць па-новаму пра натуральную індывідуальную аўтаномію, якая патрэбная для добрага жыцьця.

— У траўні ўлады Сан-Францыска прагаласавалі за тое, каб забараніць грамадзкім установам набываць і выкарыстоўваць тэхналёгіі распазнаньня асобы па твары. На вашую думку, ці гэта крок у тым кірунку, куды павінны рухацца ўрады?

— Вы згадалі Сан-Францыска, і тут цікава, што менавіта асобныя гарады першымі пачынаюць вырашаць ці прынамсі спрабаваць вырашыць гэтыя праблемы. Магчыма, што якраз так званыя «разумныя гарады» пакажуць прыклад — як знайсьці адпаведныя стандарты. Вашае пытаньне паказвае, што першымі могуць быць тыя гарады, якія найбольш сутыкаюцца з уплывам новых тэхналёгій, як у выпадку з Каліфорніяй.

— Як вы ацэньваеце Агульны рэглямэнт абароны дадзеных (GDPR), прыняты Эўрапейскім зьвязам? У чым ён мог бы паслужыць прыкладам для іншых краін?

— GDPR гэта цікавы прыклад эўрапейскай дальнабачнасьці. Я б сказаў, што тут Эўразьвяз здолеў натхніць сусьветную супольнасьць прынамсі задумацца пра абарону прыватнай інфармацыі.

Іншае пытаньне, наколькі пасьпяхова атрымліваецца ажыцьцявіць гэты рэглямэнт. Тут трэба ўважліва глядзець на тое, як выконваюцца гэтыя правілы, наколькі эфэктыўнымі могуць быць урадавыя ўстановы ў маніторынгу кібэрпрасторы.

З другога боку мы ўжо чуем першую крытыку з двух бакоў. Адны кажуць, што правілы недастаткова жорсткія ці недастаткова эфэктыўныя. Другія кажуць, што нам трэба прыняць, што мы ўжо жывем у абсалютна новай рэальнасьці, таму варта зусім па-новаму глядзець на прыватныя дадзеныя, а GDPR — гэта прыклад старога мысьленьня.

Нядаўнія заявы заснавальніка Facebook Марка Цукербэрга сьведчаць, што вялікія IT-кампаніі будуць заклікаць вырашыць пытаньне так званай «дыфэрынцыйнай прыватнасьці» — як выкарыстоўваць мэтададзеныя, якія атрымоўваюцца пасьля апрацоўкі агромністай колькасьці дадзеных пра канкрэтных людзей.

Галоўнае пытаньне — як мы можам аддзяліць індывідуальныя дадзеныя, якія можна прывязаць да канкрэтнай асобы, ад мэтададзеных, якія можна выкарыстоўваць.

— Як грамадзянін Славаччыны, каго вы лічыце найбольшай небясьпекай для сваіх прыватных дадзеных — злачынцаў, урад, вялікія карпарацыі?

— Сёньня на такое пытаньне вельмі цяжка адказаць. Кожны можа скарыстаць дадзеныя, да якіх ён ці яна атрымае доступ. Трэба думаць пра так званую «новую гігіену» — мець на ўвазе, што ўсе нашыя дзеяньні ў кібэрпрасторы пакідаюць сьляды. І нехта можа атрымаць да іх доступ і скарыстацца гэтым для сваіх мэтаў.

— Што б вы параілі людзям у аўтарытарных краінах — як сябе паводзіць у гэтым сьвеце новых тэхналёгіяў?

— Гэта тычыцца ня толькі аўтарытарных сыстэмаў. Цяпер гэта ўнівэрсальнае пытаньне для ўсіх, ва ўсім сьвеце. Я спрабаваў камунікаваць зь людзьмі з тэхналягічнай супольнасьці, якія даюць парады пра тое, як разумець, якія сьляды вы пакідаеце. Але на сёньня я бачу гэта як нявырашанае пытаньне.

Пакуль што найлепшая парада — карыстацца здаровым розумам і захоўваць нейкую базавую прыстойнасьць. Варта намагацца, каб усё, што вы робіце, можна было правільна патлумачыць.

Таксама важна, каб вы разумелі тыя прылады, якімі карыстаецеся, і выконвалі правілы бясьпекі. Магчыма, гэта ня надта канкрэтная парады, але мы толькі на пачатку разуменьня, у якіх новых сусьветах мы жывем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG