Былы міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан і дзейны кіраўнік брытанскага МЗС Джэрэмі Гант сталі кандыдатамі на пасаду лідэра Кансэрватыўнай партыі і прэм’ер-міністра каралеўства.
Пяты тур галасаваньня сярод кансэрватараў у парлямэнце праходзіў сёньня, 20 чэрвеня. За Джонсана прагаласавалі 160 дэпутатаў, за Ганта — 77. Міністар экалёгіі Майкл Гоўв з перадвыбарнай гонкі выбыў. За яго прагаласавалі 75 парлямэнтароў.
Выбары лідэра Кансэрватыўнай партыі пройдуць у ліпені. У іх возьмуць удзел каля 160 тысяч сяброў Кансэрватыўнай партыі. Галасаваньне пройдзе па пошце. Пераможца зьменіць Тэрэзу Мэй на пасадзе прэм’ер-міністра.
Мэй абвясьціла аб сваёй адстаўцы ў траўні і 7 чэрвеня пакінула пасаду кіраўніцы Кансэрватыўнай партыі. Прэм’ер-міністарка прыняла такое рашэньне пасьля няўдалых спробаў дамовіцца з парлямэнтам аб умовах выхаду Вялікабрытаніі з Эўразьвязу.