Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спаць пару гадзін, насіць на сьпіне 8 кіляграмаў. Як беларусам працуецца на Эўрагульнях


Валянтэр і мадэль з Эўрагульняў распавялі Свабодзе, чаму вырашылі паўдзельнічаць у арганізацыі гэтых спаборніцтваў і што там робяць.

21 чэрвеня ў Беларусі стартуюць Эўрагульні. На мерапрыемстве задзейнічалі каля 8 тысяч валянтэраў, большасьць зь іх — студэнты. Навошта яны вырашылі папрацаваць на спаборніцтвах і чым мусяць займацца? Суразмоўцы папрасілі не называць іхніх імёнаў.

Студэнт: «Працую ў бясьпецы, калі перакрываюць рух»

Дзяніс (імя зьмененае) сам вырашыў павалянтэрыць на Эўрагульнях. Ніякага прымусу з боку адміністрацыі ягонага факультэту не было.

«Было проста цікава атрымаць досьвед арганізацыі такога масавага мерапрыемства. Канкрэтна я займаюся перакрываньнем гораду на час роварнай гонкі. Адзінае, што рэальна з бонусаў, — гэта сэсія і практыка. Сэсія, таму што мы яе здавалі раней і многія выкладчыкі ставіліся больш паблажліва, а практыку нам залічылі завочна», — кажа валянтэр.

Не пашчасьціла валянтэрам, якія ўдзельнічаюць у адкрыцьці, бо яно сканчаецца а 3 гадзіне ночы, а назаўтра трэба зноў працаваць у 8:30, кажа Дзяніс. Гэта значыць, на сон застаюцца лічаныя гадзіны.

«У кожнай установе адукацыі ёсьць чалавек, які займаецца валянтэрамі і мае сувязь з кіраўніцтвам унівэрсытэту. Сярод валянтэраў кажуць, што калі студэнт ужо падпісаў дамову на ўдзел у Эўрагульнях, то адмаўляцца ня варта, бо могуць быць праблемы», — кажа Дзяніс.

Валянтэраў кормяць, выдаюць купон на харчаваньне. Мэню такое: рыс, курыная адбіўная, салата, вада, сок, батончык мюсьлі і яблык.

Мадэль: «Нашу на сабе кола з назвай краіны»

Вольга (імя зьмененае) паступіла ў Нацыянальную школу прыгажосьці, а адтуль яе запрасілі на кастынг, каб падпрацаваць на Эўрагульнях. Дзеля кастынгу трэба было адправіць толькі фотаздымкі.

«Патрэбная была дзяўчына, якая на цырымоніях адкрыцьця і закрыцьця ідзе перад кожнай камандай з назвай краіны. Паколькі ўдзельнічаюць каманды 50 краін, патрэбна, адпаведна, 50 дзяўчат. Мне напісалі, што я падыходжу, трэба было скінуць парамэтры, каб пашылі сукенку. Назва краіны мацуецца на вялікае кола, якое трэба насіць на сьпіне. Нас падбіралі наступным чынам: дзяўчаты з блакітнымі вачыма і бляндынкі — гэта Беларусь, Украіна, Расея, краіны Балтыі. Брунэткі — Турэччына, Азэрбайджан. Дзяўчаты з русымі валасамі — іншыя эўрапейскія краіны. Гэтае кола на сьпіне разам з мацаваньнем важыць каля 8 кіляграмаў», — кажа Вольга.

Такое кола на рэпэтыцыях трэба насіць па некалькі гадзін, кажа Вольга. Насіць цяжка, сьпіна стамляецца. У выніку за тыдзень і трэніровак, і афіцыйных цырымоній ёй заплацяць 320 рублёў. Хоць сьпярша сума была меншая.

«Каб гэтае кола зрабілі зь якога пэнаплясту — а яно напалову драўлянае, напалову жалезнае. Адну дзяўчынку, якая важыла каля 40 кіляграмаў, замянілі, бо яна проста не магла яго насіць», — кажа Вольга.

«Я нават сябрам ня маю права нічога расказваць»

Калі зьвяртаемся да валянтэраў ці тых, хто працуе на Эўрагульнях, узьнікае ўражаньне, што зь іх бяруць падпіску аб неразгалошваньні: усё ў атмасфэры строгай сакрэтнасьці. З 15 чалавек, да якіх зьвярнулася Свабода, пагадзіліся паразмаўляць толькі двое.

«Я нават сябрам нічога не магу расказваць, нам нельга», — адказала адна з валянтэрак. Яшчэ адна валянтэрка проста папрасіла «наогул нічога не пісаць пра гульні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG