Удзельніцы расейскага гурту Pussy Riot Вольга Курачава і Вераніка Нікульшына сьцьвярджаюць, што ім патэлефанавала кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Натальля Качанава і папрасіла прабачэньня за памылковую забарону на ўезд у краіну.
Курачава і Нікульшына маюць запіс размовы з жанчынай, якая прадставіліся кіраўніцай Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Натальляй Качанавай, выказала шкадаваньне аб тым, што адбылося, і запрасіла прыяжджаць у Беларусь.
У Адміністрацыі прэзыдэнта Свабодзе пацьвердзілі пацьвердзілі факт такой размовы, але адмовіліся камэнтаваць яе зьмест. У размове з Tut.by гэта пацьвердзіла і прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант.
Кіраўнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Аляксей Бягун пацьвердзіў Радыё Свабода, што Нікульшына і Курачаева ня маюць забароны на ўезд у Беларусь і могуць прыехаць на Эўрагульні.
Дзяўчыны сталі вядомымі 15 ліпеня 2018 году, калі разам зь іншымі ўдзельнікамі гурту Пятром Вярзілавым і Вольгай Пахтусавай выбеглі на поле на 52-й хвіліне фінальнага матчу чэмпіянату сьвету ў футболе паміж зборнымі Францыі і Харватыі. Яны былі ў параднай паліцэйскай форме і такім чынам пратэставалі супраць катаваньняў і палітычных рэпрэсій у Расеі. Акцыя называлася «Міліцыянт уступае ў гульню».
17 чэрвеня ўдзельніцам гурту Pussy Riot, якія ляцелі транзытным рэйсам у Кіеў зь перасадкай у Менску, паставілі штамп аб забароне на ўезд у Беларусь да 2020 году. Забарону пацьвердзіў прэсавы сакратар Памежнага камітэту Беларусі.
Удзельнік гурту Пётар Вярзілаў расказаў Свабодзе, што спачатку з дзяўчатамі зьвязаўся нехта, хто назваўся прадстаўніком МУС. Удакладніў іхны тэлефон, а пазьней адбыўся такі званок у «Тэлеграм». Даём яго расшыфроўку:
— Ольга Владимировна, это вас беспокоит глава администрации Беларуси Наталья Ивановна Качанова.
— Очень приятно... А можно вас попросить чуть-чуть погромче говорить, все-таки связь не очень хорошая.
— Ольга Владимировна, ну мониторим мы тут всю ситуацию. И Александр Григорьевич, президент наш, узнал про эту ситуацию, что тут какие-то претензии к вам. Так вот вы знаете, у нас к вам нет никаких претензий. Ольга Владимировна, пожалуйста, у беларуской стороны нет к вам никаких претензий. Если хотите, приезжайте, будем рады.
...Ну знаете, как всегда, где-то перестра... перетрудились наши органы, непонятно по каким вопросам, поэтому тут уж так получилось...
— Мы понимаем, спасибо вам огромное.
— Говорю, что было удивление, просто удивление — зачем, почему, что? Мы увидели из средств массовой информации, увидел наш президент, говорит: «Боже, что это такое? А какие у нас к ним вопросы? Нет никаких вопросов». Всё, нет вопросов, значит, я вам звоню. Так что, Ольга Владимировна, всего доброго вам.
«Калі ў нашых базах дадзеных няма зьвестак пра тое, што ім забаронены ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, яны будуць прапушчаныя», — паведаміў Свабодзе прадстаўнік прэсавай службы Памежнага камітэту Антон Бычкоўскі. Паведамляць, ці адмененая ў дачыненьні дзяўчат забарона на ўезд, ён адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што гэта асабістыя зьвесткі.
«Мы, вядома, вельмі моцна былі зьдзіўленыя, — кажа Пётар Вярзілаў. — Зьдзіўленыя, па-першае, раптоўнай забароне, бо дзяўчаты не ляцелі ў Менск і ня мелі плянаў выходзіць у Менску. Усім кампэтэнтным органам было відавочна, што яны ляцяць транзытам з Масквы ў Кіеў, ня маюць ніякіх плянаў знаходзіцца ў Беларусі.
І ўдвая больш дзіўным быў факт такога тэлефанаваньня, бо Беларусь вядомая сваім даволі строгім стаўленьнем да дысыдэнтаў. Але радасна, што прынамсі так хутка кіроўныя асобы краіны адрэагавалі на такую дзіўную забарону і зьнялі яе асабістым тэлефанаваньнем кіраўніцы Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. І я, і дзяўчаты моцна зьдзівіліся гэтаму факту».
Натальля Качанава сустракалася ў Магілёве з прадстаўнікамі цыганскай дыяспары, калі яны скардзіліся на прэсінг з боку супрацоўнікоў МУС. Аляксандр Лукашэнка прыводзіў кіраўніцу сваёй адміністрацыі як прыклад блізкасьці да народу: «Едзе да цыганоў, рабочых, сялян, паляўнічых... І там зь імі размаўляе. І прыяжджае зусім іншым чалавекам».
З 21 па 30 чэрвеня ў Менску пройдуць Эўрапейскія гульні, у сувязі з чым у сталіцы робяцца надзвычайныя захады, у тым ліку ў бясьпецы. Раней міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч падаў у адстаўку пасьля размовы з прэзыдэнтам Лукашэнка пра тое, што «сталіцы не патрэбны гета і канцлягеры зь лішнімі агароджамі». Так Лукашэнка раскрытыкаваў залішнія меры бясьпекі падчас Эўрагульняў.