Крыжы, агароджы і дрэвы на Вайсковых могілках у Менску павінны застацца, гэта частка традыцыі, яны адлюстроўваюць сацыяльна-дэмаграфічную структуру насельніцтва, яе дынаміку, моўныя і мастацкія асаблівасьці эпохі, перакананыя валянтэры, якія бароняць галоўны нэкропаль Менску ад руйнаваньня пад выглядам рэканструкцыі.
У Менску прайшла сустрэча з прэсай адмыслоўцаў і валянтэраў у сувязі з «Канцэптуальнымі прапановамі па рэканструкцыі могілак „Вайсковыя“ ў Менску», якія прыняў Мінкульт у канцы 2018 году, і праектам іх рэканструкцыі, які цяпер распрацоўваецца.
Пасьля таго як Генпракуратура спыніла так званае «добраўпарадкаваньне» Вайсковых могілак, пачатае ў чэрвені 2018 году, «Менскпраект» на замову УКС Савецкага раёну Менску пачаў рыхтаваць праект іх рэканструкцыі. Аднак удзельнікі прэс-канфэрэнцыі непакояцца, што новы праект можа цалкам зьнішчыць аўтэнтычны выгляд гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
Як год таму пачалося руйнаваньне могілак
Сакратар Грамадзка-назіральнай камісіі па ахове помнікаў пры Міністэрстве культуры Павал Каралёў нагадаў, як год таму пачалося руйнаваньне могілак.
«Пагроза ўзьнікла чатыры гады таму, калі на многіх помніках і крыжах павесілі папераджальныя шыльды. Але агароджы пачалі руйнаваць, нават калі яны былі ў нармальным стане. Замест агароджаў, крыжоў рыхтаваліся аднолькавыя надгалоўнікі. Намесьнік дырэктара спэцкамбінату Сяргей Тур пахваліўся, што за тыдзень летась у чэрвені зьнесеная сотня крыжоў і агароджаў.
Цяпер сытуацыя сумная, бо, акрамя валянтэраў, ніхто не прызнае праблемы. Мы зьвярталіся і ў Мінкульт, і ў Менгарвыканкам — усё па законе. І толькі пракуратура прызнала, што ёсьць парушэньні, зрабіла захады пракурорскага рэагаваньня, працы былі спыненыя.
Аднак юрыст Спэцкамбінату Валер Жук на судзе кінуў фразу, што можа быць зьнесена яшчэ большая колькасьць спарахнелых магіл», — распавёў Павал Каралёў.
Што прадугледжана новай канцэпцыяй
- Замяніць плот вакол могілак з выкарыстаньнем бэтонных сьценак і слупоў, абліцаваных цаглінамі.
- Аднавіць гістарычную браму.
- Паставіць з боку Берасьцянскай вуліцы яшчэ адну браму (якой раней не было ў гісторыі).
- Забрукаваць дарожкі тратуарнай пліткай. Пяшчаныя дарожкі не прадугледжаныя.
- Вызваліць тэрыторыю ад зялёных насаджэньняў. Раней плянавалі сьпілаваць 18 дрэваў з 51. А цяпер прапануецца расчыстка ад кустоў, дрэваў.
- Замест дрэваў — газон, клюмбы, уздоўж галоўнай алеі — стэла і алея з туяў.
- У найбольшай зоне, да якой належыць і сэктар з пахаваньнямі пісьменьнікаў, будзе праводзіцца рэканструкцыя: усталяваньне крыжоў і надгалоўнікаў. На апошнім месцы — рэстаўрацыя. Вайсковыя пахаваньні плянуюць не чапаць, а толькі прывесьці ў парадак.
- Паводле канцэпцыі, выяўлены 3882 «недагледжаныя пахаваньні» з агульнага ліку 8253.
- У канцэпцыі нідзе ня згадваецца, што Вайсковыя могілкі — помнік нацыянальнага значэньня.
«Праект пакуль — загадка. Мы толькі размаўлялі з галоўным архітэктарам праекту Мікалаем Дзятко (які рабіў праект мэмарыялу жаўнерам Першай усясьветнай вайны на Брацкіх вайсковых могілках у Менску). Нам не падабаецца, што акцэнт зроблены на подзьвігу вайскоўцаў. На Вайсковых могілках, з агульнага ліку 8253, пахаваньняў вайскоўцаў — 745 (або толькі 9%). Гэта сьвецкія гарадзкія могілкі.
Праект пакуль не зацьверджаны. Але непрымальна, што агароджы плянуецца прыбраць, што хочуць замяніць велізарную колькасьць надмагільляў, прычым як „іменных“, так і безыменных, што звычайныя кветнікі памяняюць на мармуровыя, зробяць „бульвар“ каля царквы, бо помнікі замінаюць хрэсным хадам», — падсумоўвае Павал Каралёў.
Што трэба зрабіць паводле валянтэраў
- Выправіць сытуацыю на сапсаваным участку (у прыватнасьці, аднавіць крыжы). Але канцэпцыяй гэта не прадугледжана.
- Увогуле адмовіцца ад надгалоўнікаў, бо ў Беларусі яны звычайна ўжываюцца на вайсковых пахаваньнях. А тут могілкі сьвецкія.
- Мець уважлівы падыход літаральна да ўсіх помнікаў. Бо агароджа з водаправодных трубаў, крыж з заводзкіх шасьцяронак — гэта гістарычная адметнасьць.
- Вайсковыя могілкі павінны стаць своеасаблівай лябараторыяй дасьледаваньняў, бо помнікі адлюстроўваюць сацыяльна-дэмаграфічную структуру насельніцтва, яе дынаміку, а таксама моўныя і мастацкія асаблівасьці эпохі.
- Вайсковыя могілкі — унікальная пляцоўка для валянтэрскага руху, дзе можна ладзіць суботнікі.
Праблема ўпарадкаваньня датычыць усіх беларускіх могілак
Сябра Беларускага камітэту ICOMOS (Міжнароднай рады па пытаньнях помнікаў і гістарычных мясьцін) Цімафей Акудовіч заявіў, што пакуль няма агульнага бачаньня, як добраўпарадкаваць і рэканструяваць могілкі ў Беларусі.
«Вайсковыя могілкі найперш — гэта першы прыклад рэканструкцыі, які пачатай вельмі дрэнна. І не хацелася б, каб такое паўтаралася і ў Менску, і ў Беларусі», — перакананы Акудовіч.
Ён распавёў што, на яго погляд, трэба на могілках пакінуць, а ад чаго адмовіцца.
«Па-першае, мы катэгарычна супраць выкарыстаньня надгалоўнікаў, якія кардынальна мяняюць выгляд гістарычных Вайсковых могілак. Беларускія могілкі спрадвеку маюць вэртыкальную накіраванасьць.
Па-другое, агароджа — традыцыя, якая пачала разьвівацца ў ХІХ стагодзьдзі, але яна зьнікае нават на вясковых могілках. Яны нязручныя, часьцяком неэстэтычныя. Але на Вайсковых могілках агароджы трэба зафіксаваць, бо такая мода была ў першай палове ХХ стагодзьдзя.
Па-трэцяе, дрэвы заўсёды былі на беларускіх могілках. На традыцыйных пахаваньнях павінны захавацца традыцыйныя дрэвы.
І нарэшце, дарожкі не павінны замяняцца. Да дробных формаў, кшталту кветнікаў, трэба вельмі ашчадна ставіцца, бо гэта таксама і гісторыя, і мода», — пералічыў асноўныя патрабаваньні Цімафей Акудовіч.
Мадэратарка Ганна Севярынец акцэнтавала ўвагу на тым, што апэляваць трэба не агулам да Спэцкамбінату КБА альбо Міністэрства культуры, а павінна быць пэрсанальная адказнасьць за прыняцьце рашэньняў.
«Учора мэр Берасьця Аляксандар Рагачук сказаў, што хоча застацца ў гісторыі чыноўнікам, які адзначыў 1000-годзьдзе гораду, а не адкрыў акумулятарны завод. Таму мы павінны ведаць канкрэтна, хто прымае рашэньне — імёны і прозьвішчы канкрэтных людзей зь „Менскпраекту“, Менгарвыканкаму, Міністэрства культуры. Каб была пэрсанальная адказнасьць», — перакананая Ганна Севярынец.
Навуковая супрацоўніца Інстытуту гісторыі Юлія Латушкова распавяла пра асабісты досьвед змаганьня за пахаваньні сваякоў на Крупецкіх могілках, пра разбурэньне надмагільляў, якое пачалося там яшчэ ў 2011–2012 гадах, у тым ліку бульдозэрамі, пра дзяжурствы на могілках.
«Кантакты, зносіны са Спэцкамбінатам праходзілі пад знакам хлусьні. Мы прасілі захаваць кветнікі, стары выгляд пахаваньняў — у мяне ёсьць цэлая тэчка перапіскі з чыноўнікамі.
Абурае тое, што працы праводзіліся бяз згоды са сваякамі, са спэцыялістамі. Горад і краіна губляюць унікальныя аўтэнтычныя памяткі пахавальных традыцый — гарадзкі нэкропаль, — кажа Юлія Латушкова.
У яе шмат пытаньняў і да новай рэдакцыі Закону аб пахаваньнях, якая была прынятая месяц таму ў першым чытаньні. У прыватнасьці:
Чаму пахаваньні ХІХ—ХХ стагодзьдзяў павінны адпавядаць нормам закону, прынятага ў 21 стагодзьдзі? Ці было адкрытае абмеркаваньне законапраекту? Дзе і калі сфармуляваныя нормы «належнага выгляду» пахаваньняў?
Свабода мае намер даць слова распрацоўшчыкам праекту рэканструкцыі Вайсковых могілак у Менску, якія на прэсавую канфэрэнцыю валянтэраў не прыйшлі.