Амэрыканскае касьмічнае агенцтва NASA аб’явіла аб намеры дазволіць платныя палёты прыватных асоб на Міжнародную касьмічную станцыю.
Плата за знаходжаньне на станцыі, уключаючы карыстаньне камунальнымі паслугамі, складзе ў суткі $ 35 тысяч з аднаго пасажыра, ня лічачы палёту на станцыю і вяртаньня, пра якія падарожнік павінен будзе дамаўляцца асобна са спэцыялізаваным турагенцтвам.
Чакаецца, што адным зь перавозчыкаў стане прыватная касьмічная кампанія Ілана Маска SpaceX.
$ 35 тысяч — цана арыенціровачная, фактычная цана будзе вар’іравацца ў залежнасьці ад рынкавай каньюнктуры.
Ініцыятыва NASA зьяўляецца адказам на абвешчаныя летась пляны адміністрацыі Дональда Трампа завяршыць да 2024 году дзяржаўнае фінансаваньне Міжнароднай касьмічнай станцыі і паступова знайсьці ёй камэрцыйныя альтэрнатывы.
Прадстаўнікі NASA заяўляюць, што іх канчатковай мэтай зьяўляецца стварэньне сыстэмы арбітальных паселішчаў.
Яшчэ адзін напрамак камэрцыйнай дзейнасьці — продаж на Зямлі прадметаў біжутэрыі, якія пабывалі ў космасе. NASA па-ранейшаму забараняе сваім астранаўтам атрымліваць грошы за рэкляму вузлоў і дэталяў МКС. Разам з тым астранаўтам дазволілі ўдзельнічаць у закадравым мантажы рэклямных ролікаў, зробленых на арбіце.
Раней кіраўнікі амэрыканскай астранаўтыкі энэргічна супраціўляліся ідэі камэрцыялізацыі касьмічных дасьледаваньняў.
NASA траціць на Міжнародную касьмічную станцыю ад $ 3 да $ 4 млрд у год, і даходы ад задуманых камэрцыйных праектаў не пакрыюць нейкай істотнай долі гэтых выдаткаў.