Ці залежыць ступень усьведамленьня сваіх каранёў ад памеру тэрыторыі і колькасьці тытульнай нацыі? Два прыклады ўрбанізацыі і стаўленьня да традыцый — у Беларусі і на Фарэрскіх выспах, у двух рэгіёнах, якія заўсёды лічыліся аграрнымі.
Ці залежыць ступень усьведамленьня сваіх каранёў ад памеру тэрыторыі і колькасьці тытульнай нацыі? Два прыклады ўрбанізацыі і стаўленьня да традыцый — у Беларусі і на Фарэрскіх выспах, у двух рэгіёнах, якія заўсёды лічыліся аграрнымі.
Беларусь амаль у 200 разоў перавышае Фарэрскія выспы колькасьцю насельніцтва (9,5 мільёна і 50 тысяч адпаведна) і ў 150 разоў тэрыторыяй (крыху больш за 200 тысяч квадратных кілямэтраў супраць 1400).
Фарэры маюць шырокую аўтаномію ў складзе Даніі і раскіданыя па 18 астравах (толькі адзін нежылы). Усім сваім жыцьцёвым укладам яны нагадваюць вёску. Нават 13-тысячная сталіца Торсгаўн — малапавярховая забудова ў традыцыйным стылі. Нягледзячы на тое, што статус гарадоў на архіпэлягу маюць два дзясяткі паселішчаў, у 15 няма і 1000 жыхароў.
Такім чынам, гэта ўнікальны прыклад таго, калі кампактна расьселены ў адны месцы этнас (больш за 90% ідэнтыфікуюць сябе фарэрцамі) вясковы па сваёй сутнасьці.
А ў Беларусі тэндэнцыі іншыя — хоць яшчэ ня так даўно яе таксама можна было лічыць амаль цалкам аграрнай краінай. Аднак сёньня колішнія шматлюдныя вёскі ўсё больш робяцца падобнымі да руінаў.
На Фарэрах няма адзінага стандарту «аграгарадкоў», узгодненага ў начальніцкіх кабінэтах. Тут не было калгаснай сыстэмы, раскулачваньня і высылак за палярны круг, заўсёды панавала прыватная ўласнасьць.
На нейкім востраве паселішчы большыя, недзе зусім мікраскапічныя, дзе жывуць ня болей за два дзясяткі чалавек. І ніводнага разу не ўдалося знайсьці падставу пакпіць зь «безгаспадарнасьці».
Параўнаем карцінкі з натуры на прыкладзе сярэднестатыстычных вёсак-«дзясятніц» — Карачоўшчына на Смаргоншчыне і Мічынэз на самай заходняй высьпе архіпэлягу. Іх аддзяляюць 3 тысячы кілямэтраў, але справа ня толькі ў адлегласьці. Перажыўшы дэмаграфічны адток і наступствы ізаляванасьці, яны па-рознаму змагаюцца за тое, каб застацца на плыву.
Карачоўшчына губляецца ў лясах побач з гістарычным Крэвам. Калісьці гэта было значнае паселішча зь вялікім падворкамі, прысядзібнымі надзеламі і хутарскім укладам гаспадараньня — да прыходу на заходнія землі бальшавікоў тут было блізу сотні сялян.
Калгасны лад і наступная ўрбанізацыя прысьпешылі адток з малой радзімы: паводле апошняга перапісу, мясцовымі жыхарамі назвалі сябе 12 чалавек. Нават з гэтай колькасьці асобныя гаспадары трымаюць бацькоўскія хаты як лецішчы. Бальшыня жыльля не патрэбная нікому: разам з гаспадарчымі пабудовамі зрубы распаўзаюцца і ператвараюцца ў кучы друзу. Узорам дагледжанасьці выглядае дом сям’і Гулецкіх.
Цэнтральнага вода- і газазабесьпячэньня, крамы, школы, царквы ў вёсцы няма, пад’язныя дарогі неасфальтаваныя, мабільная сувязь няўстойлівая. З выгодаў — толькі электрычнасьць. Бонусам — дзікая прырода, якая ўпэўнена паглынае закінутую тэрыторыю.
Карачоўшчына магла стаць базавай аграсядзібай для наведнікаў Крэўскага замка. Праўда, хіба ў тэорыі, бо на дзяржаўным узроўні ня робіцца нічога, каб дбаць яшчэ і пра адпаведную інфраструктуру — добра, што ўзяліся ўмацаваць старыя замкавыя муры.
Мічынэз — прадзіманая вятрамі скалістая выспа пасярод Атлянтычнага акіяну. Пра лес тут ніколі ня чулі, навокал толькі трава і каменныя пароды. Дабрацца сюды зь вялікай зямлі можна верталётам ці пасажырскім паромам. Шырокіх дарог у аднайменнай вёсцы няма з прычыны адсутнасьці аўтатранспарту, міні-трактары дзеляць ходнікі зь пешаходамі.
Як і ў беларускай Карачоўшчыне, да сярэдзіны 1950-х тут жыло больш за 100 чалавек. Аднак адчуваньне краю сьвету і сэзонная ізаляцыя (паром ходзіць толькі з траўня да кастрычніка, а расклад верталётаў залежыць ад сілы шторму) прарэдзіла шэрагі абарыгенаў. Сёньня на высьпе жывуць 13 тубыльцаў, некаторыя фарэрцы хаваюцца летам ад «мітусьні» Торсгаўна.
Нягледзячы на малалікасьць вёскі, яна не пакідае ўражаньня закінутай. Некаторыя дамы старыя, напалову ці цалкам каменныя — так будавалі яшчэ да таго, як была наладжаная стабільная марская сувязь са Скандынавіяй і галоўным будматэрыялам быў базальт. Тыя, што зьявіліся нядаўна, час паказваць за прыклад прапагандыстам беларускіх аграгарадкоў.
Практычна ўсе захоўваюць галоўную адметнасьць — дзірвановыя дахі. Некалі альтэрнатывы асабліва і не было, але галоўнае, што такое пакрыцьцё захоўвае цяпло і не дае ветру сарваць страху. Ну і эстэтычна глядзіцца вельмі цікава.
У Мічынэзе ёсьць крамы, кавярні, гостэлы, лютэранская царква і маленькая школка. Выдатна ловіцца мабільная сувязь, безь перашкод працуе інтэрнэт.
Такім чынам, дзьве вёскі, супастаўныя памерамі і падобнымі дэмаграфічнымі працэсамі, дэманструюць розныя лёгікі ўласнага разьвіцьця.
Згодна з архіўнымі зьвесткамі, яшчэ 100 гадоў таму 85% беларусаў жылі ў сельскай мясцовасьці — на гарады прыпадала 990 тысяч з тагачасных 6 мільёнаў 900 тысяч жыхароў. Нават дзьве вайны, якія спрычыніліся да вялікіх чалавечых стратаў, бежанства і ўнутранай міграцыі, ня моцна зьмянілі прапорцыю: 83% вяскоўцаў у пачатку 1920-х і 80% — у канцы 1940-х.
Аднак далей тэмпы ўрбанізацыі сталі некантраляванымі, а пунктам невяртаньня можна лічыць сярэдзіну 1970-х, калі насельнікаў вёсак і гарадоў стала пароўну: 9 мільёнаў 300 тысяч жыхароў Беларусі падзяліліся літаральна з розьніцай у некалькі тысяч (50,1% вяскоўцаў і 49,9% гараджанаў).
Ад таго часу дэмаграфічныя перакосы толькі ўзмацняліся. Паводле афіцыйных дадзеных за 2018 год, звыш 78% беларусаў жывуць у гарадах: 7 мільёнаў 400 тысяч супраць 2 мільёнаў у сельскай мясцовасьці. Гэта самы высокі паказьнік урбанізацыі на постсавецкай прасторы і ў Эўропе.
«Магнітам» прыцягненьня па-ранейшаму застаецца Менск, дзе прапісаны кожны пяты жыхар краіны. У гарады зьяжджаюць найперш маладыя людзі, безь якіх вёска асуджаная на выміраньне. Больш за 80% міграцыйнага прыросту сталіцы складае моладзь ад 16 да 20 гадоў — студэнты ВНУ, навучэнцы ПТВ ды каледжаў.
Пакуль Беларусь імкнецца да антырэкорду, шэраг краін дэманструюць адваротны працэс — дэўрбанізацыю, калі людзі зьбягаюць з шумных гарадоў у вясковую ідылію.
Што да Фарэраў, то, нават мяркуючы з убачанага, можна зрабіць выснову: праблема выміраньня вёсак архіпэлягу не пагражае. Зрэшты, іншай альтэрнатывы асабліва і не прадбачыцца — урбанізацыя тут папросту ня мае будучыні.
Да таго ж не даюць расслабіцца суровыя ўмовы існаваньня: каб быць схаваным ад штармавога ветру і бясконцага дажджу, дом трэба трымаць у парадку.