Павялічылі тарыфы на ацяпленьне, хочуць падняць заробкі на прадпрыемствах. Свабода сабрала зьмены, якія адбудуцца ў Беларусі ў чэрвені.
Сканчваецца тэрмін аплаты падаходнага падатку
Да 3 чэрвеня беларусам трэба сплаціць падатак за прыбытак, атрыманы ў 2018 годзе. Колькі трэба сплаціць, ваша падатковая інспэкцыя дасылала вам у апавяшчэньні некалькі месяцаў таму.
Тым, хто ня сплаціць ці пратэрмінуе аплату падатку пагражае адміністрацыйная адказнасьць. Напрыклад, штраф складае 15% ад ня сплачанай сумы, мінімальны штраф — 12,75 рубля.
Падаражэюць ацяпленьне і падагрэў вады
Ад 1 чэрвеня ў Беларусі павысяць субсідуемыя тарыфы на цеплазабесьпячэньне — ацяпленьне і падагрэў вады. Падаражаньне прадугледжана плянавым павышэньнем тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі ў межах 5 даляраў,
Тарыфы вырастуць з 16,9259 да 18,4831 рубля за 1Гкал. Эканамічна абгрунтаваны тарыф застанецца ранейшым — 88,99 рубля за 1 Гкал.
Прыедзе новы расейскі амбасадар
Новы пасол Расіі Дзьмітрый Мезенцаў выправіцца ў Беларусь 2 чэрвеня, сказаў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў 27 мая ў Маскве на прэс-канфэрэнцыі пасьля перамоваў зь беларускім калегам Уладзімірам Макеем.
Чарговае абвастрэньне ў стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй у канцы 2018 - пачатку 2019 году пачалося з пытаньня кампэнсацыі Беларусі так званага «падатковага манэўру» расейскіх уладаў. У час напружаных перамоваў амбасадарам быў прызначаны Міхаіл Бабіч — але ад рашэньня Масквы да згоды Менску прайшоў месяц. 30 красавіка Бабіча адклікалі з пасады Амбасадара Расеі ў Беларусі.