Экспэрты лічаць фаварытам гонкі Борыса Джонсана, які выступае за Brexit без угоды. Мэй пакіне сваю пасаду 7 чэрвеня, паведамляе БІ-Бі-Сі.
Пасьля заявы прэм’ер-міністаркі Вялікабрытаніі Тэрэзы Мэй пра гатовасьць сысьці з пасады пра свой намер заняць пост лідэра кіруючай Кансэрватыўнай партыі і кіраўніка кабінэту міністраў паведамілі ўжо сем брытанскіх палітыкаў.
Як перадаў у суботу, 25 траўня, тэлеканал Sky News, вылучэньне сваіх кандыдатур анансавалі, у прыватнасьці, былы міністар у пытаньнях выхаду Вялікабрытаніі з ЭЗ Домінік Рааб і экс-лідэр Палаты абшчынаў брытанскага парлямэнту Андрэа Лідсам.
Так, Рааб у інтэрвію нядзельнаму выданьню The Daily Mail паабяцаў «змагацца за больш справядлівую ўгоду па Brexit».
Лідсам, чый сыход з пасады лідэра ніжняй палаты фактычна паскорыў адстаўку Мэй, выказала меркаваньне, што ў яе ёсьць неабходныя «досьвед і упэўненасьць», каб «прывесьці краіну да сьветлай будучыні».
Міністар у пытаньнях міжнароднага разьвіцьця Роры Сьцюарт, які таксама заявіў аб уступленьні ў гонку, крытыкаваў пляны яе цяперашняга фаварыта, экс-міністра замежных справаў Борыса Джонсана. Апошні на канфэрэнцыі ў Швэйцарыі выказаў упэўненасьць, што Лёндан можа выйсьці з ЭЗ без угоды з Брусэлем ужо ўвосень.
Міністар аховы здароўя і сацыяльных справаў Мэт Гэнкак, які раней пацьвердзіў сваё вылучэньне, як і Сьцюарт — апанэнт жорсткага Brexit.
Яшчэ адным прэтэндэнтам на лідэрства ў Кансэрватыўнай партыі зьяўляецца экс-міністарка працы і пэнсій Эстэр Макві.
Нарэшце, сямёрку кандыдатаў замыкае міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Джэрэмі Гант.
Што далей?
Тэрэза Мэй пакіне сваю пасаду 7 чэрвеня. Тэрмін вылучэньня кандыдатаў — да 16 чэрвеня. Затым кансэрватары правядуць сэрыю галасаваньняў на выбываньне, мэта якіх — скараціць колькасьць прэтэндэнтаў да двух. З 18 чэрвеня, як чакаецца, апошнія змогуць пачаць перадвыбарнае турнэ па краіне. Выніковае галасаваньне, як мяркуецца, адбудзецца ў сярэдзіне ліпеня.
У пятніцу, 24 траўня, Мэй абвясьціла пра тое, што рыхтуецца сысьці з пасады кіраўніцы Кансэрватыўнай партыі. Прычына — невырашальныя супярэчнасьці ў плянах выхаду каралеўства са складу Эўразьвязу паміж кіраўніком кабінэту міністраў і парлямэнтам.
Супраць паўторнага рэфэрэндуму
Напярэдадні Мэй прадставіла ў Палаце абшчын новы варыянт законапраекту аб Brexit. Кіраўнік кабінэту міністраў прапанавала дэпутатам, у выпадку ўхваленьня імі дамоўленасьцяў з Брусэлем аб выхадзе Вялікабрытаніі з ЭЗ, правесьці галасаваньне аб паўторным рэфэрэндуме па Brexit.
Разам з тым прэм’ер-міністарка паабяцала шэраг кампрамісаў, якія маглі б задаволіць і апазыцыю, і яе праціўнікаў у шэрагах кансэрватараў. Але гэтая прапанова выклікала нэгатыўную рэакцыю з боку лейбарыстаў і тых сяброў партыі Мэй, якія падтрымліваюць жорсткі Brexit, гэта значыць выхад з Эўразьвязу без дамовы з Брусэлем аб парадку і ўмовах гэтага выхаду.
У той самы дзень аб сваім сыходзе заявіла лідэрка палаты абшчын Андрэа Лідсам. Яна таксама адпрэчыла ініцыятыву Мэй аб правядзеньні другога рэфэрэндуму. Лідсам стала 36-м міністрам, якія пакінулі ўрад Вялікабрытаніі пры Мэй.