Губэрнатар Сьвярдлоўскай вобласьці Яўгені Куйвашаў прапанаваў выключыць сквэр каля Тэатру драмы ў Екацярынбургу са сьпісу месцаў, дзе будзе пабудаваны храм.
Ён патлумачыў такое рашэньне вынікамі апытаньня сацыялягічнай службы ВЦИОМ, паводле якіх 74 працэнты гараджанаў супраць будаўніцтва храма ў цэнтры гораду.
Губэрнатар заявіў, што зьвернецца да кіраўніка Екацярынбургу Аляксандра Высокінскага з просьбай не ўключаць сквэр каля тэатру ў пералік месцаў пры правядзеньні апытаньня. «Мы прайшлі гэты канфлікт, ён вычарпаны. Нам трэба будзе разам знайсьці новае месца для храма», — напісаў чыноўнік на сваёй старонцы ў Інстаграме.
Паводле дадзеных ВЦИОМ , толькі 10 працэнтаў мясцовых жыхароў падтрымалі будаўніцтва храма Сьвятой Кацярыны. Як адзначаецца на сайце дасьледчага цэнтру, тэма выклікала шырокі грамадзкі рэзананс у Екацярынбургу — 94 працэнты насельніцтва гораду чулі пра пляны будаўніцтва сабора.
З прапановай правесьці апытаньне наконт будаўніцтва храма на мінулым тыдні выступіў прэзыдэнт Уладзімір Пуцін.
«Храм мусіць аб’ядноўваць, а не разьядноўваць. Ёсьць просты спосаб: правесьці апытаньне. І меншасьць павінна падпарадкавацца большасьці», — заявіў тады кіраўнік расейскай дзяржавы.
- Пасьля гэтай заявы мэр Екацярынбургу Аляксандар Высокінскі заявіў, што будоўля храма прыпыненая. Неўзабаве кіраўнік Сьвярдлоўскай вобласьці Яўгені Куйвашаў дапусьціў перанос месца будаўніцтва храма. У звароце да жыхароў Екацярынбургу ён заявіў, што ўлады гораду апублікуюць сьпіс з магчымых пляцовак — акрамя сквэру ля Тэатру драмы. Куйвашаў таксама заклікаў грамадзян прапаноўваць свае варыянты.
- 20 мая мэрыя Екацярынбургу адкрыла збор прапановаў што да магчымых пляцовак для будаўніцтва храма Сьвятой Кацярыны. Адправіць іх можна на працягу 10 дзён. Затым адбудзецца рэйтынгавае галасаваньне.
- 21 траўня стала вядома пра тое, што гарадзкія ўлады прыбралі плот вакол пляцоўкі, на якой плянавалася ўзьвесці храм.
- У Екацярынбургу на мінулым тыдні праходзілі пратэсты супраць узьвядзеньня праваслаўнага сабора на месцы сквэру пры гарадзкім Тэатры драмы. Яны прывялі да сутыкненьняў удзельнікаў мітынгаў з паліцыяй і аховай будоўлі. Былі затрыманыя і арыштаваныя дзясяткі чалавек, удзельнікі акцый скардзіліся на ўжыцьцё гвалту з боку паліцыі.