Прэм’ер-міністарка Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй пагадзілася абмеркаваць у парлямэнце другі рэфэрэндум аб выхадзе краіны з Эўразьвязу. Пра гэта Мэй паведаміла падчас выступу ў аўторак, трансьляцыю яе прамовы вёў тэлеканал «Бі-Бі-Сі».
Паводле Мэй, дэпутаты Палаты абшчын змогуць прагаласаваць за арганізацыю паўторнага рэфэрэндуму. Пры гэтым пункт аб рэфэрэндуме будзе ўключаны ў пастанову парлямэнту аб пагадненьні з ЭЗ. Гэта значыць каб прагаласаваць за правядзеньне рэфэрэндуму, парлямэнту трэба будзе пагадзіцца і на цяперашнюю дамову аб выхадзе Вялікабрытаніі з ЭЗ, падрыхтаваную кабінэтам Мэй.
Падчас выступу Мэй прызнала, што ёй не ўдалося атрымаць падтрымку лейбарысцкай апазыцыі для пагадненьня аб выхадзе з ЭЗ. Палітыкі не змаглі прыйсці да згоды перш за ўсё з-за пытання мытнага саюза з ЭЗ, сказала прэм’ер-міністарка. Яна ўдакладніла, што ў новым тэксьце пагадненьня, які яна прадставіць парлямэнтарам, прапануецца да канца 2020 году знайсьці рашэньне наконт мытнай мяжы з Эўразьвязам.
- 29 сакавіка Вялікабрытанія мелася выйсьці з Эўразьвязу. Гэта не адбылося з прычыны таго, што парлямэнт тройчы адмовіўся зацьвердзіць урадавае пагадненьне аб выхадзе з ЭЗ. Дэпутаты таксама забаранілі ўраду выходзіць са зьвязу без пагадненьня. Цяпер дата выхаду адкладзеная да 31 кастрычніка.
- Пасьля правалу спробаў атрымаць падтрымку дэпутатаў, Тэрэза Мэй абвясьціла пра перамовы з апазыцыяй з мэтай знайсьці кампраміс з нагоды Брэкзыту.
- Чацьвёртую спробу правесьці праз парлямэнт пагадненьне з ЭЗ Мэй мае намер распачаць на першым тыдні чэрвеня. Пасьля галасаваньня, як бы яно ні скончылася, яна плянуе абвясьціць тэрміны сваёй адстаўкі. Чакаецца, што яна адбудзецца не пазьней за лета, адзначае Бі-Бі-Сі.