Кампанія Top Level Desing адкрые рэгістрацыю дамэнных імёнаў на дамэне .gay 11 кастрычніка 2019 году, паведамляе OnlineDomain.com.
Рэгістратар чакае, што дамэн дазволіць падтрымаць ЛГБТ-супольнасьць і зрабіць бачнымі ейныя праблема. Пакуль жа ён наймае людзей для маркетынгу новай дамэннай зоны, а іншыя кампаніі прапануюць перадзамову без удакладненьня цаны.
Ці будуць неяк абмяжоўваць тэматыку сайтаў пры выдачы дамэнных імёнаў, невядома. Сваёй місіяй рэгістратар бачыць «стварэньне прасторы» для геяў. Пры тым падстаўнікі рэгістратара адзначалі, што не разглядаюць слова «гей» як азначэньне для ўсёй ЛГБТ-супольнасьці – толькі як слова для тых, хто сам лічыць сябе такім.
Пры тым дамэн .lgbt ужо дзейнічае з 2014 году, зарэгістраваць назву кшталту Belarus.lgbt (папраўдзе, такая ўжо занятая) можна прыблізна за 15 даляраў.
А яшчэ ў Тайвані дазволілі аднаполыя шлюбы
Тым часам аднаполыя шлюбы паступова легалізуюць у сьвеце. 17 траўня парлямэнт Кітайскай рэспублікі (Тайваню) першым у Азіі дазволіў аднаполым парам ствараць «эксклюзіўныя пастаянныя саюзы» (якія яшчэ не называюць шлюбамі) і зьвяртацца па «рэгістрацыю шлюбу» да дзяржаўных агенцтваў, піша CNA. Аднаполыя партнэрствы ўжо прызнаваліся ў 18 з 22 юрысдыкцыяў краіны.
Аднаполыя шлюбы з 2015 году не забароненыя таксама ў Віетнаме (але дзяржава не прызнае іх роўнымі рознаполым шлюбам), але астатнія краіны Азіі забараняюць такія шлюбы, могуць нават караць за іх (у Аўганістане, Іране, Пакістане, Саудаўскай Арабіі ды іншых «шарыяцкіх» краінах нават прадугледжанае сьмяротнае пакараньне).