Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пачынаўся інтэрнэт у Беларусі — і што зь ім стала. 15 важных датаў


Інтэрнэт можна віншаваць з 30-годзьдзем. 11 (або 12 ці 13 у розных крыніцах) сакавіка 1989 году адзін з «бацькоў інтэрнэту» фізык Тым Бэрнэрс-Лі прапанаваў сыстэму мэнэджмэнту інфармацыі, якая затым — у больш фармальнай прапанове 12 лістапада 1990-га — стала Ўсясьветным павучыньнем (World Wide Web)​.

Але інтэрнэт можна віншаваць і зь іншымі юбілеямі: ён не зьявіўся імгненна, ня быў створаны ў адзін дзень або адным геніем.

Тым Бэрнэрс-Лі — адзін з «бацькоў інтэрнэту», але не адзіны яго стваральнік. Фота 2014 году
Тым Бэрнэрс-Лі — адзін з «бацькоў інтэрнэту», але не адзіны яго стваральнік. Фота 2014 году

Напрыклад, 29 кастрычніка можна будзе павіншаваць інтэрнэт з 50-годзьдзем: у 1969 годзе ў Злучаных Штатах выпрабавана кампутарная сетка ARPANET, якую фінансавалі вайскоўцы, а выкарыстоўвалі збольшага навукоўцы (спачатку ў ЗША, затым і ў Эўропе, і аж да 1990-га). Гэта ці не найважнейшы продак сучаснага інтэрнэту — там сярод іншага зьявіліся ўжываныя і сёньня пратаколы DNS (сыстэма дамэнных імёнаў) і TCP/IP (мадэль перадачы зьвестак між сеткамі і карыстальнікамі).

Само слова «інтэрнэт» — у значэньні сувязі між рознымі сеткамі — зьявілася ў спэцыфікацыях да пратаколу TCP/IP у сьнежні 1974-га (беларускае слова «сеціва» прыдумаў 7 кастрычніка 1998 году журналіст Свабоды Сяргей Шупа). На гэты пратакол сетка ARPANET перайшла 1 студзеня 1983 году — яшчэ адзін дзень, які называюць «днём нараджэньня інтэрнэту».

Кампутар NeXTcube, на якім Тым Бэрнэрс-Лі запусьціў першы сэрвэр Усясьветнага павучыньня і напісаў першы вэб-браўзэр
Кампутар NeXTcube, на якім Тым Бэрнэрс-Лі запусьціў першы сэрвэр Усясьветнага павучыньня і напісаў першы вэб-браўзэр

Першы браўзэр — праграма пад назвай WorldWideWeb спампоўваць інфармацыю праз розныя пратаколы і праглядаць дакумэнты з гіпэрспасылкамі, фота і відэа — выпушчаная таксама ў сьнежні, але значна пазьней: 25 сьнежня 1990 году.

Што было ў Беларусі

Нешта накшталт доступу да інтэрнэту Рэспубліка Беларусь спазнала адначасова зь незалежнасьцю. Ужо ў 1991 годзе ў Беларусі быў вузел расейскай сеткі «Релком», працавалі два правайдэры: Solo і «Открытый контакт». У 1992-м зьявілася ўласная беларуская сетка «БелПак».

Кампутар Apple Macintosh Classic 1990 году і пляншэт Apple iPad 2010 году
Кампутар Apple Macintosh Classic 1990 году і пляншэт Apple iPad 2010 году

У тыя часы інтэрнэтам карысталіся збольшага для абмену электроннай поштай, дый доступ быў у асноўным з інстытутаў і ўнівэрсытэтаў, зрэдку — у прыватных фірмаў.

Але працаваць праз інтэрнэт ужо было можна: так, у сьнежні 1993 году была створаная беларуска-амэрыканская IT-кампанія EPAM. Праз чатыры з паловай гады — 2 жніўня 1998 году — узьнікне яшчэ адзін будучы ІТ-гігант зь Беларусі, распрацоўнікі «танчыкаў» Wargaming (галоўны гіт, гульню World of Tanks, яны выпусьцяць толькі ў 2010-м).

Літары BY значаць «Беларусь», але гэта скарот трансьлітарацыі з расейскай мовы, Byelorussia

Дзень народзінаў байнэту можна адзначаць у першай дэкадзе траўня: 5 траўня 1994 году дамэн .by быў зарэгістраваны Інтэрнэт-карпарацыяй наданьня імёнаў і адрасоў (ICANN), а 10 траўня дамэн фактычна быў створаны. Літары «бі-ўай» значаць «Беларусь», але гэта скарот трансьлітарацыі расейскага напісаньня Byelorussia. Кірылічны дамэн .бел зьявіўся толькі праз 21 год — 1 кастрычніка 2015 году.

Першыя сайты былі на рэгіянальных адрасах — найпершымі называюць ok.minsk.by і cacedu.minsk.by. У тым жа 1994-м зьявілася беларуская газэта «Компьютерные вести» і прайшла першая IT-выстава TIBO.

3 ліпеня 1995 году зьявіўся дзяржаўны апэратар сувязі «Белтэлекам», які быў манапалістам у надаваньні міжнароднага трафіку аж да 2010 году (цяпер міжнародны трафік надаюць таксама дзяржаўны Нацыянальны цэнтар абмену трафікам і напаўдзяржаўныя «Беларускія воблачныя тэхналёгіі»).

У 1996 годзе зьявілася першая старонка беларускага СМІ ў інтэрнэце — дзяржаўнай газэты «Вечерний Минск», якая тады знаходзілася пад адрасам Newsvm.com. Сайт Радыё Свабода запусьціўся 10 сьнежня 1998 году. Партал Tut.by стартаваў 5 кастрычніка 2000 году.

А 1 лютага 1999 году інтэрнэт стаў крыху больш даступным для беларусаў: зьявіўся «беспарольны» доступ у інтэрнэт праз гарадзкі тэлефон. Да таго большая частка «хатніх» карыстальнікаў купляла спэцыяльныя карткі з паролямі, якія давалі пагадзінны доступ. Пасьля многія сталі проста набіраць 8600100 і атрымліваць вялізныя рахункі за тэлефон. Доступ быў таньнейшы ўначы і па выходных, але хуткасьць не перавышала 56 кбіт/с.

Год быў багатым на новыя сэрвісы ў Байнэце: адкрыліся першыя лічыльнік наведваньняў (Akavita), інтэрнэт-газэта (Open.by), інтэрнэт-крама (Oz.by) і каталёг цэнаў (Kosht.com). Таксама быў прыняты закон аб электронным дакумэнтаабарачэньні.

Яшчэ зь дзясятак гадоў беларускі інтэрнэт разьвіваўся шпарка, але даволі спакойна — калі не лічыць «Нешта». Кампутарны вірус пад такой назвай — Neshta — зьявіўся ў лістападзе 2005 году і распаўсюджваўся яшчэ некалькі гадоў, нават на некалькі дзён паралізаваў працу аднаго камэрцыйнага банку.

Аўтара вірусу так і не знайшлі: вядома толькі, што ён падпісаўся як Dziadulja Apanas і што ў файлах вірусу ён па-беларуску перадаваў прывітаньне Аляксандру Лукашэнку і брамніку хакейнай зборнай Швэцыі Томі Салё, праз памылку якога беларуская зборная трапіла ў паўфінал на зімовай Алімпіядзе-2002.

26 красавіка 2007 году для некаторых беларусаў «родная» частка інтэрнэту стала наагул бясплатнай: правайдэр byfly (гандлёвая марка дзяржаўнага «Белтэлекаму») адкрыў бясплатны гасьцявы доступ да шэрагу ўнутраных сайтаў. Зь цягам часу да дзяржаўных сайтаў дадаліся недзяржаўныя, у тым ліку Tut.by, Onliner.by і Naviny.by, а таксама нават торэнт-трэкеры.

У ліку бясплатных для абанэнтаў byfly быў і сайт VSeti.by беларуская сацыяльная сетка, якая запусьцілася 20 красавіка 2008 году. Беларусы некалькі разоў спрабавалі стварыць уласныя сацыяльная сеткі, але «ВСети» была самай пасьпяховай, на піку мела паўтара мільёна зарэгістраваных карыстальнікаў. Gадобна, сацсетку забілі мацнейшыя расейскія і амэрыканскія канкурэнты: перад закрыцьцём у 2014 годзе актыўнымі былі толькі некалькі тысячаў карыстальнікаў.

Праблемы зь беларускім законам пачаліся ў інтэрнэтe ў 2010 годзе — 1 лютага Аляксандар Лукашэнка выдаў указ №60, які абавязаў рэгістраваць разьмешчаныя ў Беларусі інтэрнэт-рэсурсы, узгадняць пракладку тэлекамунікацыяў, а таксама вызначаць асобу карыстальніка праз пашпарт. Менавіта праз гэта ў Беларусі дагэтуль параўнальна мала бясплатных Wi-Fi-сетак: для законнага доступу трэба атрымаць пароль на беларускую сім-картку, якая ў сваю чаргу прывязаная да пашпарту.

28 сьнежня 2014 году Лукашэнка падпісаў «антынаркатычны дэкрэт», які меў «пабочны эфэкт»: беларускія ўлады атрымалі права ня толькі блякаваць сайты з «чорнага сьпісу», але і сродкі доступу да іх. Праўда, калі паспрабавалі, атрымалася наадварот: блякаваньне Tor у канцы 2016-га толькі падвысіла колькасьць ягоных карыстальнікаў.

Ад 1 студзеня 2016 году беларускія правайдэры абавязаныя захоўваць зьвесткі пра наведаныя карыстальнікамі сайты. У тым жа годзе неаздназначна напісаны ўказ Лукашэнкі можна было ацаніць як забарону мэсэнджэраў кшталту Skype і Viber (тэлефанаваньні на гарадзкія і мабільныя тэлефоны праз IP-тэлефанію, а таксама праграмы, якія дазваляюць іх рабіць, прызнаныя незаконнымі). Але мэсэнджэры не заблякавалі.

Затое на мяжы 2017 і 2018 году былі афіцыйна заблякаваныя сайты двух папулярных апазыцыйных СМІ: «Беларускага партызана» і «Хартыі-97» (да таго блякавалі і іншыя СМІ, але або неафіцыйна, або часова). Праўда, абодва засталіся дасяжнымі праз альтэрнатыўныя адрасы і праграмныя сродкі ананімнасьці.

«ІТ-дэкрэт» Лукашэнкі, які набыў моц 28 сакавіка 2018 году і легалізаваў крыптавалюты, пакуль не прынёс эканамічнага буму. Ад 1 сьнежня 2018 году на сайтах беларускіх СМІ афіцыйна забаранілі ананімныя камэнтары.

***

Інтэрнэтам цяпер карыстаецца тры чвэрці беларусаў. У выніку абмежавальных захадаў Беларусь займае ў рэйтынгу свабоды інтэрнэту ад Freedom House толькі 48-е месца з 65 дасьледаваных краінаў.

З аднаго боку, сытуацыя можа палепшыцца: Лукашэнка 12 сакавіка «забараніў забараняць людзям выказваць сваю думку». Зь іншага боку, дакладна не вядома, якая менавіта канцэпцыя інфармацыйнай бясьпекі цяпер распрацоўваецца ўладамі — і як яна паўплывае на свабоду Байнэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG