У расейскім горадзе Екацярынбургу чацьвёрты дзень працягваюцца пратэсты супраць будаўніцтва праваслаўнага храму на месцы сквэру каля Тэатру драмы. У чацьвер паліцыя арганізавала ачапленьне на месцы мітынгу. Радыё Свабода вядзе прамую трансьляцыю.
Зь мітынгоўцамі сустрэліся кіраўнік Екацярынбургу Аляксандр Высокінскі і былы кіраўнік Яўгеній Ройзман. У адрас цяперашняга кіраўніка гораду ўдзельнікі акцыі скандавалі «Ганьба!» і «У адстаўку!».
Паводле мясцовых СМІ, Высокінскі паведаміў, што будаўніцтва храму пакуль прыпыняецца. Ён паспрабаваў растлумачыць чаму зручней правесьці апытаньне наконт будаўніцтва храму, а не рэфэрэндум, як таго патрабуюць мітынгоўцы. Кіраўнік гораду запрасіў на сустрэчу журналістаў і 30 чалавек ад мітынгоўцаў, каб абмеркаваць сытуацыю.
Раней прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прапанаваў правесьці апытаньне жыхароў раёна Екацярынбургу наконт будаўніцтва храму на месцы сквэру.