Распрацоўшчыкі мэсэнджэра WhatsApp, які цяпер належыць Facebook, выявілі і ліквідавалі сур’ёзны прабел у бясьпецы праграмы, які дазваляў шпіёніць за карыстальнікамі, расказвае Financial Times. Ім раяць абнавіць праграму мэсэнджэра.
Праблема патэнцыйна магла закрануць ці ня ўсіх 1,5 млрд карыстальнікаў мэсэнджэра — хакеры маглі ставіць шпіёнскую праграму і на iPhone, і на Android-смартфоны без удзелу ўладальніка. Шкодны код маглі перадаць праз тэлефанаваньне нават тады, калі карыстальнік не здымаў слухаўку.
«Дзірка» дазваляла хакерам сачыць за карыстальнікам праз камэру і мікрафон смартфона. Яе знайшлі ў WhatsApp у мінулую нядзелю. Абнаўленьне праграмы, якое закрывае «дзірку», выпусьцілі ў панядзелак, але колькі людзей пацярпелі і зь якога часу распаўсюджваецца праграма-шпіён, не паведамляецца — яшчэ ідзе ўнутранае расьсьледаваньне.
Вядома прынамсі пра адзін выпадак, калі спрабавалі шпіёніць за брытанскім юрыстам-праваабаронцам, які дапамагаў мэксыканскім журналістам і саудаўскаму апазыцыянэру, што жыве ў Канадзе. Сьцьвярджаецца, што атака на яго правалілася.
Распрацоўку праграмы-шпіёна зьвязваюць з ізраільскай кампаніяй NSO Group, якую называюць «гандлярамі кібэрзброяй» — кампанія супрацоўнічае ў тым ліку са спэцслужбамі і ўрадамі. Праваабаронцы Amnesty International крытыкуюць улады Ізраілю за тое, што кампаніі дазваляюць гандляваць ейнымі праграмамі-шпіёнамі без належнага назіраньня.