Злучаныя Штаты ўзмацняюць сваю вайсковую прысутнасьць на Блізкім Усходзе «ў адказ на прыкметы павышанай гатоўнасьці Ірану праводзіць наступальныя апэрацыі супраць сіл ЗША». Мінабароны ЗША ўхваліла адпраўку ў рэгіён вайсковага карабля і ракетнага комплексу Patriot.
Выканаўца абавязкаў міністра абароны ЗША Патрык Шанахан ухваліў адпраўку дэсантна-верталётнага карабля «Арлінгтан» і зэнітна-ракетнага комплексу Patriot у рэгіён Цэнтральнага камандаваньня ВС ЗША. Падобны крок зьяўляецца адказам на запыт камандаваньня аб дадатковых сілах, які паступіў у пачатку тыдня, гаворыцца ў заяве Мінабароны ЗША, апублікаванай 10 траўня.
У Мінабароны не раскрываюць інфармацыю аб графіку іх прыбыцьця ці месцазнаходжаньня, спасылаючыся на меркаваньні бясьпекі, і адзначаюць, што «працягваюць пільна вывучаць дзейнасьць іранскага рэжыму і яго ўзброеных сіл».
6 траўня Вашынгтон накіраваў у рэгіён ударную авіяносную групоўку на чале з авіяносцам «Абрагам Лінкальн» і тактычную групу бамбавікоў.
Канфлікт паміж Тэгеранам і Вашынгтонам абвастрыўся пасьля таго, як Іран адмовіўся ад выкананьня часткі абавязацельстваў у рамках Сумеснага ўсёабдымнага пляна дзеяньняў, зь якога ЗША раней выйшлі ў аднабаковым парадку.
Тэгеран адвёў пяці ўдзельнікам групы «пяць плюс адзін» 60 дзён на абарону нафтавага і банкаўскага сэктараў краіны ад санкцыяў ЗША. Эўразьвяз, Францыя, Нямеччына і Вялікая Брытанія адхілілі гэтыя патрабаваньні, а прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб увядзеньні новых санкцый у дачыненьні да Ірану, накіраваных супраць горназдабыўнага і сталеліцейнага сэктараў эканомікі краіны.