Новыя санкцыі Злучаных Штатаў супраць Ірану датычацца вытворчасьці сталі, алюмінію, медзі і жалеза. Дакумэнт прадугледжвае абмежаваньні як супраць вытворцаў мэталаў у самым Іране, так і супраць тых, хто імі гандлюе.
Адпаведны ўказ падпісаў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, расказвае «Настоящее время». У ім гаворыцца, што дзеяньні Вашынгтону накіраваныя на тое, каб пазбавіць Тэгеран даходаў, якія могуць пайсьці на фінансаваньне ядзернай праграмы.
Новым санкцыям з боку ЗША папярэднічала рашэньне Ірану спыніць выконваць некаторыя абавязаньні па ядзернай угодзе. 8 траўня Тэгеран апавясьціў аб гэтым рашэньні Расею, Вялікую Брытанію, Кітай, Францыю і Нямеччыну.
Пры гэтым, калі праз 60 дзён краіны Эўразьвязу ня вырашаць, як абараніць нафтавы і банкаўскі сэктары Ірану ад амэрыканскіх санкцыяў, Тэгеран можа адмовіцца ад яшчэ некалькіх пунктаў ядзернага пагадненьня.
Акрамя гэтага, Іран пагражае спыніць пастаўкі нафты на міжнародны рынак праз Армускую пратоку («выхад» з Пэрсідзкай затокі ў акіян). Цяпер па ёй праходзіць каля 30% усёй экспартаванай у сьвеце сырой нафты. ЗША ў адказ нарошчваюць вайсковую прысутнасьць у Пэрсідзкай затоцы. Вашынгтон ужо накіраваў туды авіяносную ўдарную групу і тактычную групу бамбавікоў B-52.
У Францыі пасьля ўвядзеньня новых санкцыяў з боку ЗША заявілі, што занепакоеныя рашэньнем Ірану адмовіцца ад часткі ядзернага пагадненьня. У Парыжы маюць намер дамагацца выкананьня ўгоды і захаваньня фінансавых і экспартных каналаў Тэгерану.
Дамова аб спыненьні ядзернай праграмы Ірану ў абмен на зьмякчэньне міжнародных санкцыяў была падпісаная ў 2015 годзе. У 2018 годзе ЗША ў аднабаковым парадку выйшлі з пагадненьня, абвінавацілі Іран у парушэньні ўгоды. 8 траўня 2019 году Трамп заклікаў Тэгеран «адмовіцца ад ядзерных амбіцыяў» і вярнуцца за стол перамоваў. Прэзыдэнт ЗША дадаў, што чакае сустрэчы з лідэрамі Ірану, каб заключыць новае пагадненьне.