Гарадзенка Вераніка Гайдэль атрымала разьмеркаваньне ў прэстыжны праектны інстытут. Аднак празь некалькі год кінула дзяржаўную працу, а за ёй і некалькі прыватных фірмаў, і пачала працаваць на сябе. Цяпер яна зарабляе на жыцьцё керамічнымі гаршчэчкамі, паліванымі кубкамі, гогалеўскімі насамі.
«Калі я сыходзіла з апошняй працы, у мяне торгалася вока»
«Калі я сыходзіла з апошняй працы, у мяне торгалася вока», — з усьмешкай успамінае Вераніка былое жыцьцё.
Тады ніхто не падтрымаў ейнай ідэі пачаць уласную справу. Аднак дзяўчына працуе на сябе ўжо каля году. Акупіла першапачатковыя выдаткі і вырашыла, што болей працаваць на некага яна ня будзе. Праўда, былыя калегі дагэтуль са спачуваньнем глядзяць, як яна гандлюе на вуліцы побач зь іншымі рамесьнікамі.
Майстэрня Веранікі — у прыватным сэктары ў цэнтры гораду. Побач Нёман. Стогадовая хата засталася ад бабулі. Дзяўчына зрабіла ў ёй рамонт і цяпер ходзіць сюды як на працу. Але не к восьмай ранку, а бліжэй да поўдня.
Гаспадыня працуе ў ботах для гор і перапэцканым чырвоным камбінэзоне. Паліцца ў печы. На палічках сушацца гліняныя насы Гогаля. Малюсенькія інтэрʼерныя домікі пазіраюць каляровымі вокнамі, нібы з балтыйскага ўзьбярэжжа. Рэльефную птушку-піялку хочацца ўзяць у прыгаршчы, адчуць на дотык. У сподку хаваюцца пацеркі і бранзалеты. Шэрагі квадрацікаў з гліны яшчэ ня вырашылі, чым стануць. Але іх ужо чакаюць слоікі з палівай.
Гарбату дзяўчына запарвае ў кубках уласнага вырабу і запрашае за круглы драўляны стол бяз фарбы — больш для працы з глінай, чым для чаяваньня.
«Разумееш, што робіш лухту»
Вераніцы 31 год. Керамікай занялася не выпадкова: заўжды любіла працаваць з формай і колерам. Па адукацыі архітэктар, за плячыма мастацкая школа. Свае ранейшыя працы называе «няшчырымі»: свае абавязкі яна сумленна выконвала, але разумела, што робіць нешта кепскае.
«Мы вучылі ва ўнівэрсытэце, каб рабіць пра чалавека і для чалавека. А на працы рабілі невядома для каго, для грошай, для дзядзькоў. Тады навошта гэта рабіць?» — кажа аб прычынах зьменаў у жыцьці майстрыха.
Да прыкладу, забудова ў выглядзе мікрараёнаў, паводле дасьледаваньняў, шкодзіць псыхіцы людзей. Заходнія краіны адмовіліся ад мікрараёнаў і перайшлі на кварталы, дзе людзям прасьцей падтрымліваць стасункі. Але Вераніка мусіла запраектаваць шэсьць мікрараёнаў.
Ёй не падабалася, што ў дзяржаўнай канторы тэмп працы быў запаволены. Большасьць работнікаў, па ейных назіраньнях, дзённую працу расьцягвалі на тыдзень — зь перапынкамі на гарбату і гутаркі з калегамі.
«Я працавала хутка. У нейкі момант у мяне ўся праца скончылася. І я тупа сядзела тры гадзіны і нічога не рабіла, бо часопісы архітэктурныя гартаць нельга — гэта значыць, што ты не працуеш. Калі прыходзіла начальніца, іх трэба было хаваць», — кажа суразмоўца.
«Цяпер увесь час мой»
Няшчырасьць дзяўчына бачыла і ў прыватных замовах, калі кліент прасіў зрабіць праект ляндшафтнага дызайну, які не супадаў зь ейным густам. На думку Веранікі, нельга брацца за такія праекты.
Пра месцы ў прыватнікаў гарадзенка ўспамінае як пра час няволі. Кажа, што там адпачынак трэба выпрошваць, а працаваць напоўніцу нельга, бо потым начальнік будзе патрабаваць такія самыя абʼёмы ўвесь час без адпачынку.
«Я палічыла, што на сталай працы ў мяне на сябе было толькі дзьве гадзіны. Цяпер увесь час мой. Я трачу яго на сябе, на сваю рэалізацыю, на тое, каб ствараць. Ніхто ня кажа, як правільна трэба рабіць», — цешыцца майстрыха.
На печку зарабіла, зьбіраючы трускаўкі ў Нідэрляндах
Дзяўчына трапіла на менскія курсы па кераміцы, якія каштавалі 200 даляраў. Але як наладзіць працу ў Горадні? Набыць печку для абпальваньня здавалася немагчымым. Цэны вагаліся каля 2 тысяч эўра.
«Я за год працы ў дзяржаўным інстытуце адклала ўсяго 700 даляраў, каб улетку зьезьдзіць у Чарнагорыю. Зарабляла каля 300 даляраў за месяц», — кажа Вераніка.
Кінуўшы ўсе працы, гарадзенка паехала зьбіраць трускаўкі ў Нідэрлянды. За месяц зарабіла на печ. Купіла яе па дарозе, у Чэхіі, за 1800 эўра, 300 эўра аддала як мыта.
«Маё „годна“ можа быць і тут»
Дзяўчыну ўразіў падыход галяндцаў да жыцьця. На ейную думку, яны любую працу робяць максымальна добра.
«Пасьля Галяндыі мазгі ў мяне павярнуліся. У нас, беларусаў, нейкая штука ў галаве, што нельга зарабіць, што табе дзяржава павінна. Калі хочаш, то бяры адказнасьць на сябе, нічога ні ад кога не чакай, і ўсё будзе», — мяркуе Вераніка.
На ейную думку, можна займацца ўсім, чым хочаш, толькі трэба гэтаму пасьвяціць сябе. Тады і любімая праца дасьць дастаткова сродкаў для жыцьця.
«Я магу паехаць у Польшчу. І што далей? Што значыць „жыць годна“? Маё „годна“ можа быць і тут. Вядома, гэта не пра грошы. Гэта рабіць тое, што ты хочаш», — цьвердзіць суразмоўца.
Яна пераканалася, што на дзяржаўнай працы ў чалавека ёсьць ліміт: заробак не мяняецца гадамі, і ня мае значэньня, як ты працуеш.
Калі працуеш на сябе, заробак можа быць ад нуля да бязьмежнасьці. Абмежаваньні, на думку майстрыхі, у чалавека ў галаве. Вялікія магчымасьці дае інтэрнэт — прыкладам, можна паказваць свае вырабы ў інстаграме, можна рэклямаваць сябе на выставах, фэстывалях. Аднак Вераніка хоча засяродзіцца на мастацтве і менш часу аддаваць продажу.
«Ты робіш кубкі, і мазгі ў цябе павернутыя на тое, як рабіць кубкі. Прадаваць — ужо другая прафэсія, фатаграфаваць — трэцяя, пісаць тэксты ў інстаграм — чацьвёртая, пакаваць і адсылаць — пятая», — кажа дзяўчына.
На абсталяваньне аддала 10 тысяч эўра
Усяго Вераніка патраціла на абсталяваньне і сыравіну для працы каля 10 тысяч даляраў. Самы дарагі набытак — печ. За ганчарнае кола аддала 500 эўра. Паліва розных колераў, якой яна пакрывае вырабы, каштуе па 5 эўра слоік. Тыя слоікі займаюць паліцы на дзьвюх сьценках.
Беларуская ачышчаная гліна, зь якой ужо можна працаваць, каштуе 50 капеек за кіляграм. Але дзяўчына пераходзіць на гішпанскія гліны, якія каштуюць у пяць разоў больш.
Ад беларускай гліны да 50 адсоткаў браку. Яе нельга набыць з сэртыфікацыяй, з гарантыяй і пазнакай фізычных уласьцівасьцяў кшталту трываласьці. Замежныя ж гліны сэртыфікаваныя.
Абпальвае свае вырабы майстрыха ноччу, калі электрычнасьць каштуе менш. За месяц за электраэнэргію яна плаціць 50 даляраў.
Дзеля мастацтва трэба «праганчарыць» тоны гліны
Каб авалодаць керамічным мастацтвам, мяркуе Вераніка, трэба «праганчарыць» тоны гліны. Гэта фізычна цяжкая праца. У першыя месяцы ў дзяўчыны балела сьпіна, рукі. Вераніка хоча спэцыялізавацца на арт-абʼектах, інтэрʼерных упрыгажэньнях, а менш займацца посудам і падобнымі рэчамі, якія маюць практычную карысьць.
Яна думае, што важна напісаць маніфэст, вызначыць, чым хочаш займацца.
«Вельмі цяжка вытрымаць і не прагнуцца пад тое, што папулярна, а рабіць тое, што табе здаецца важным», — разважае дзяўчына.