Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вялікай Брытаніі адправілі ў адстаўку міністра абароны за ўцечку дадзеных


Гэвін Уільямсан
Гэвін Уільямсан

Міністар абароны Вялікай Брытаніі Гэвін Уільямсан адпраўлены ў адстаўку ў сувязі стратай даверу. Пра гэта паведамляюць брытанскія СМІ са спасылкай на канцылярыю прэм’ер-міністра Тэрэзы Мэй.

Новым кіраўніком Мінабароны Вялікай Брытаніі прызначаная Пэні Мардонт. Яна стане першай жанчынай, якая заняла пасаду міністра абароны каралеўства.

СМІ ўдакладняюць, што рашэньне прэмʼера зьвязана з вынікамі расьсьледаваньня ўцечкі інфармацыі з закрытых перамоваў Рады нацыянальнай бясьпекі. На іх абмяркоўвалася магчымае супрацоўніцтва Вялікай Брытаніі зь кітайскай тэлекамунікацыйнай карпарацыяй Huawei па разгортваньні сетак 5G.

Дзякуючы ўцечцы стала вядома, што кітайскі вытворца ня будзе пастаўляць абсталяваньне, здольнае ідэнтыфікаваць мабільную прыладу карыстальніка.

Магчымую ўгоду Вялікай Брытаніі з Huawei крытыкавалі ЗША і некаторыя члены ўраду Мэй. На іх думку, супрацоўніцтва можа прадстаўляць пагрозу нацыянальнай бясьпецы каралеўства. Вашынгтон абвінавачвае Huawei у прамысловым шпіянажы.

Факт уцечкі інфармацыі выклікаў скандал у брытанскіх СМІ. У пасяджэньні Рады нацбясьпекі ўдзельнічалі дзевяць чалавек, у тым ліку Ўільямсан. Інфармацыя пра месца сустрэчы зьяўляецца засакрэчанай. Былы міністар заявіў, што ні ён, ні яго каманда ня маюць дачыненьня да ўцечкі дадзеных. Па словах Мэй, яна прадставіла Ўільямсану вычарпальныя доказы ягонай віны.

Выданьне Sky News піша, што ў дачыненьні да Ўільямсана могуць распачаць крымінальнае расьсьледаваньне.

Былы міністар абароны Вялікай Брытаніі вядомы сваімі жорсткімі выказваньнямі пра Расею. У прыватнасьці, ён папракаў Маскву, што яна спрабуе ўцягнуць краіны Захаду ў новую гонку ўзбраеньняў. А камэнтуючы высылку расейскіх дыпляматаў з Лёндану на фоне расьсьледаваньня справы аб атручэньні былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі, Уільямсан заявіў, што «Расеі варта адысьці і заткнуцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG