У порт Адэсы прыбыў шматмэтавы гідраграфічны карабель брытанскага ваенна-марскога флёту. У пятніцу яго наведаў міністар абароны Вялікабрытаніі Гэвін Уільямсан.
Ён сказаў, што прыбыцьцё карабля ва Ўкраіну стане «магутным сыгналам для прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна». Прысутнасьць брытанскага карабля сьведчыць аб падтрымцы Ўкраіны ў яе супрацьстаяньні з Расеяй, падкрэсьліў міністар. Паводле яго слоў, вайсковая брытанская прысутнасьць у Чорным моры стане пастаяннаю.
Гідраграфічны карабель HMS Echo быў накіраваны ў Чорнае мора ў пачатку сьнежня, неўзабаве пасьля захопу Расеяй трох караблёў ваенна-марскіх сіл Украіны і іх экіпажаў у раёне Керчанскай пратокі.
Брытанскі міністар сустрэўся зь сем’ямі 24 украінскіх маракоў, якія знаходзяцца пад арыштам у Маскве.
У той жа дзень, 21 сьнежня, Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў аб павелічэньні фінансавай падтрымкі ВМС Украіны на $ 10 млн.
Раней на гэтым тыдні ўкраінскі бок паведаміў, што брытанскі карабель увайшоў у гавань адэскага порту для забесьпячэньня свабоды мараплаўства, а дамоўленасьць аб яго візыце была дасягнутая 21 лістапада, гэта значыць яшчэ да інцыдэнту ў Керчанскай пратоцы, калі міністар абароны Сьцяпан Палтарак знаходзіўся з візытам у Лёндане.
Аб плянах брытанскага карабля прайсьці праз Керчанскую пратоку ў Азоўскае мора не паведамлялася.
Як інфармуе Бі-бі-сі, брытанскія вайсковвыя караблі будуць зьмяняць адзін аднаго ў Чорным моры і такім чынам знаходзіцца там практычна ўвесь час. Згодна з Канвэнцыяй 1936 году, вайсковыя караблі краін, якія ня маюць выхаду да Чорнага мора, могуць знаходзіцца там ня больш за 21 дзень, абмяжоўваецца і танаж такіх караблёў.
Паводле словаў Гэвіна Уільямсана, візыты брытанскіх караблёў у гэты рэгіён неабходныя ў якасьці дэманстрацыі «нашага права заходзіць у такія парты, як Адэса, права ваенна-марскіх флётаў мець магчымасьць дзейнічаць у Чорным моры». «Гэта не расейскае мора, гэта міжнароднае мора», — падкрэсьліў брытанскі міністар.