Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскі шлях: чаму акцыя страціла папулярнасьць


Ілюстрацыйнае фота. «Чарнобыльскі шлях — 2016»
Ілюстрацыйнае фота. «Чарнобыльскі шлях — 2016»

Пачуў рэакцыю на інфармацыю пра тое, што сёлета ўпершыню за трыццаць гадоў ня будзе Чарнобыльскага шляху. Маўляў, Чарнобыльскі шлях — цудоўная магчымасьць завастрыць экалягічныя праблемы, але беларускае грамадзтва не цікавіцца экалёгіяй. Як па мне, вельмі нават цікавіцца.

  • Чарнобыльскі шлях ад пачатку быў дэ-факта пратэставай акцыяй;
  • Сёньня людзям найперш патрэбна сьвята, якім ёсьць Дзень Волі;
  • Для памінаньня ахвяраў Чарнобылю існуюць Радаўніца і Дзяды.

Чаго вартыя акцыі пратэсту супраць будаўніцтва шкоднай вытворчасьці ў Берасьці. Бадай, вырашэньне экалягічных праблем людзі наўпрост зьвязваюць з канкрэтнымі мясцовымі ўладамі. А Чарнобыльскі шлях асацыюецца з палітыкай уладаў наагул. Паўстаўшы найперш як акцыя палітычнага пратэсту, Чарнобыльскі шлях, на мой погляд, толькі ў другую чаргу меў памінальны складнік.

У 1989-м, на першым чарнобыльскім мітынгу, удзельнікі з трыбуны выкрывалі палітыку камуністаў, якія спачатку ўтойвалі сам факт чарнобыльскай аварыі ў 1986-м, а пасьля ўсяляк спрабавалі прынізіць небясьпеку Чарнобылю для людзей.

У 1996-м адбыўся, магчыма, самы вядомы Чарнобыльскі шлях, які стаўся найбольш напружаным пунктам «Менскай вясны — 96». Шматлікія бойкі зь міліцыяй, арышты палітычных і грамадзянскіх актывістаў. Усё пад лёзунгамі пратэсту супраць палітыкі Лукашэнкі. Роўна празь месяц пасьля Дня Волі, калі ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі на менскіх вуліцах пралілася кроў мірных дэманстрантаў.

«25, 26, 27» — песьня Лявона Вольскага на словы Міхала Анемпадыстава. Гаворка пра Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях і паўзабытае ўжо 27-га ліпеня 1990 году, калі прынялі Дэклярацыю пра незалежнасьць БССР. У гэтыя дні ў 1990-я беларусы выходзілі з пратэстамі супраць палітыкі Лукашэнкі досыць масава. Пакуль была надзея штосьці зьмяніць дэманстрацыямі.

У 2017-м і Дзень Волі, і Чарнобыльскі шлях былі зусім не шматлюднымі акцыямі параўнальна з 1990-мі і пачаткам «нулявых». Нават адданыя актывісты стаміліся ад трывалага фізычнага і судовага перасьледу за сваё іншадумства. І вось у 2018-м надышло 100-годзьдзе БНР, і зноў у цэнтры Менску зьявіліся дзясяткі тысяч людзей пад бел-чырвона-белымі сьцягамі: на дазволеную ў сьвяточным фармаце акцыю-канцэрт.

А перад тым мы бачылі ў інтэрнэце трансьляцыю дыскусіі грамадзка-палітычных актывістаў пра тое, якім мусіць быць Дзень Волі: сьвяточным ці змагарным. Выбралі сьвяточны. Чаму? Па-першае, людзям трэба хоць час ад часу ўявіць сябе ў нармальнай сытуацыі, хоць на некалькі гадзін. Па-другое, тыя, хто раней былі гатовыя рызыкаваць свабодай і здароўем, сёньня ня бачаць сэнсу ў сваіх ахвярах.

Калі раней Чарнобыльскі шлях быў Днём Волі-2, то са сьвяточным фарматам усё зьмянілася. Калі адпадае фактар змаганьня, то Чарнобыльскі шлях робіцца памінальнай датай. А для памінаньня шэсьці і мітынгі магчымыя, але не абавязковыя. Для памяці пра ахвяраў ёсьць, напрыклад, Радаўніца і Дзяды.

Як па мне, усё вышэй сказанае не азначае, што Чарнобыльскі шлях зьнікае назаўжды. Акцыя чакае свайго часу, каб аднавіцца ў новым — экалягічна-памінальным фармаце. Бо ні памяць, ні праблемы экалёгіі нікуды ня зьнікнуць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG