Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША асудзілі рашэньне Пуціна аб выдачы расейскіх пашпартоў жыхарам Данбасу


Ілюстрацыйнае фота. Расейскі пашпарт
Ілюстрацыйнае фота. Расейскі пашпарт

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША выступіў 24 красавіка з рэзкай крытыкай рашэньня прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна аб спрошчанай выдачы расейскіх пашпартоў жыхарам усходніх абласьцей Украіны, якія кантралююцца прарасейскімі баевікамі.

«Расея гэтай вельмі правакацыйнай акцыяй узмацняе сваю атаку на сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. Рашэньне прэзыдэнта Пуціна стварае сур’ёзнае перашкоду ажыцьцяўленьню менскіх пагадненьняў і рэінтэграцыі Данбасу», — гаворыцца ў заяве.

ЗША таксама адзначаюць, што такое рашэньне Ўладзіміра Пуціна апублікавана праз тры дні пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне Ўладзіміра Зяленскага, які выказаў гатовасьць сумесна працаваць з Расеяй з мэтай рэалізаваць менскія пагадненьні.

Спэцыяльны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША па пытаньнях Украіны Курт Волкер падкрэсьліў, што Расея падрывае намаганьні ў імплемэнтацыі менскіх дамоўленасьцяў.

24 красавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ, паводле якога жыхары акупаваных тэрыторый Данбасу змогуць у спрошчаным парадку атрымлiваць грамадзянства Расеі. Тэкст дакумэнту апублікаваны на афіцыйным сайце Крамля.

Права на спрошчанае грамадзянства будзе давацца ў «гуманітарных мэтах» для абароны правоў і свабодаў чалавека, гаворыцца ва ўказе. Усе ахвотныя змогуць падаць у падразьдзяленьні МУС Расеі заяву і дакумэнты, выдадзеныя групоўкамі «ДНР» і «ЛНР», якія пацьвярджаюць пражываньне на тэрыторыі рэгіёну. Разглядаць заявы будуць да трох месяцаў.

Украіна зьвярнулася ў Раду Бясьпекі ААН з нагоды гэтага рашэньня.

Кіраўнік МЗС Украіны Паўло Клімкін назваў рашэньне расейскіх уладаў «новым» пашпартным "этапам акупацыі Данбасу і заклікаў украінскіх грамадзян на акупаваных Расеяй тэрыторыях не прымаць расейскіх пашпартоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG