Беларускія студэнты, якія будуць працаваць валянтэрамі на II Эўрапейскіх гульнях, павінны датэрмінова здаць сэсію.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў шэрагу вышэйшых навучальных устаноў у Менску.
Больш за 8 тысяч валянтэраў на гульнях
Паводле прадстаўніка дырэкцыі ІІ Эўрапейскіх гульняў, усяго будзе працаваць больш за 8 тысяч валянтэраў. Заявак пададзена больш за 24 тысячы. Колькі з валянтэраў студэнты, у дырэкцыі гульняў пакуль не падлічылі.
«Сярод валянтэраў грамадзяне Беларусі і замежнікі. Валянтэры з 1 красавіка пачалі ўжо працу ў акрэдытацыйным цэнтры. Студэнты датэрмінова здаюць сэсію, згодна з рашэньнем Міністэрства адукацыі».
Валянтэрства на гульнях уключае ў сябе мэдычнае абслугоўваньне, прыбыцьцё і ад’езд гасьцей, кейтэрынг, разьмяшчэньне, лінгвістычныя паслугі, допінг-кантроль, акрэдытацыю і іншыя сфэры.
«Навучальны працэс для валянтэраў скароціцца прыкладна на 25 дзён»
На гульнях будзе працаваць каля 1,5–1,7 тысячы валянтэраў зь Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту.
«Сэсію яны будуць здаваць датэрмінова. Расклад ужо вывешаны ва ўнівэрсытэце. Такія выпадкі прадугледжаныя Кодэксам аб адукацыі, робіцца індывідуальны плян аб адукацыі студэнтаў. Навучальны працэс скароціцца прыкладна на 25 дзён. Гэта практыкавалася і раней, калі студэнты выяжджалі ў будатрады. Усё гэта робіцца толькі на добраахвотнай аснове.
Гэта толькі паўналетнія студэнты, якім больш за 18. Зь першага курса студэнтаў там няма.
Якасьць адукацыі не пагоршыцца. Усе астатнія студэнты будуць вучыцца ў звычайным парадку. Што тычыцца практыкі, то па вучэбным пляне яна пачынаецца пасьля Эўрапейскіх гульняў», — сказаў Свабодзе першы прарэктар БНТУ Георгі Вяршына.
Студэнты-валянтэры з БНТУ будуць працаваць у вёсцы спартоўцаў, у аэрапорце, у Менску, іх задачы ўжо вызначаныя.
«Валянтэрства будзе чыста на бязвыплатнай аснове», — сказаў Георгі Вяршына.
«Якасьць адукацыйнага працэсу захоўваецца»
Для студэнтаў БДУІР, якія адабраныя дырэкцыяй гульняў у якасьці валянтэраў, «усталяваны гнуткі графік адукацыйнага працэсу», паведамілі карэспандэнту Свабоды ў прэс-службе ўнівэрсытэту.
«Усе заняткі арганізуюцца ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі Міністэрства адукацыі. Валянтэрам даецца права датэрміновага вывучэньня навучальных дысцыплін і праходжаньня бягучай атэстацыі, арганізаваны перанос некаторых тэм на самастойную працу. Пры гэтым якасьць адукацыйнага працэсу захоўваецца, выкладчыкі дадаткова праводзяць кансультацыі. Для валянтэраў створаныя ўсе ўмовы, каб ужо да пачатку спаборніцтваў яны змаглі здаць сэсію», — сказала начальніца прэс-службы БДУІР Натальля Шамчук.
Датэрміновая здача экзамэнаў праводзіцца «ў звычайным рэжыме, які адпрацаваны цягам многіх гадоў».
«Студэнты, якія склалі дамову з дырэкцыяй гульняў, будуць задзейнічаныя на ўсіх абʼектах II Эўрапейскіх гульняў 2019 году».
Для валянтэраў «індывідуальны графік»
У БДУ таксама дазволілі здаць сэсію для студэнтаў-валянтэраў «датэрмінова па індывідуальным графіку».
«У кожнага студэнта графік будзе свой. Усе астатнія студэнты будуць вучыцца ў адпаведнасьці з графікам навучаньня, зацьверджаным раней», — паведаміла начальніца прэс-службы БДУ Алена Марцулевіч.
Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць
Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.
- На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
- За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
- З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
- Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.
- Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
- Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.