Фэдэральная адміністрацыя цывільнай авіяцыі ЗША (FAA) дала дазвол кампаніі Wing Aviation ажыцьцяўляць дастаўкі пасылак бесьпілётнікамі на тэрыторыі краіны. Гэта першы сэртыфікат такога віду ў ЗША.
Wing Aviation — частка карпарацыі Google. Першыя дастаўкі бесьпілётнікамі будуць ажыцьцяўляцца на тэрыторыі двух гарадоў у штаце Вірджынія, пасьля таго як дзейнасьць Wing Aviation будзе ўзгодненая зь мясцовымі ўладамі.
У Аўстраліі, дзе кампанія праводзіць выпрабаваньні з 2014 году, бесьпілётнікі Wing Aviation дастаўляюць каву, фастфуд, лекі і бытавыя дробязі. Камэрцыйныя паслугі ў Вірджыніі, напэўна, будуць аналягічнымі. Іншыя кампаніі, такія як Uber і UPS, таксама спрабуюць атрымаць сэртыфікаты FAA на такую ж дзейнасьць.
Атрыманьне сэртыфікату авіяперавозчыка азначае, што Wing Aviation можа пачаць спаганяць з кліентаў плату за зьмесьціва даставак. Зьмяненьне статусу таксама азначае, што кампанія зможа выкарыстаць бесьпілётнікі ў густанаселеных гарадзкіх раёнах.
Аднак у шырокага распаўсюджваньня паштовых дронаў ёсьць нямала перашкод. Многія жыхары Аўстраліі ў раёнах, дзе ажыцьцяўлялася дзейнасьць Wing Aviation, скардзіліся на гучны шум прапэлераў. Сытуацыя даходзіла да таго, што некаторыя зь іх проста сталі бавіць менш часу на вуліцы.
Паводле апісаньняў відавочцаў, шум прапэлераў бесьпілётнікаў параўнальны з гукам бэнзапілы. Акрамя гуку, канфідэнцыйнасьць таксама праблема, асабліва з улікам таго, што Wing Aviation ёсьць падразьдзяленьнем карпарацыі Google.
Wing Aviation спадзяецца пачаць сваю дзейнасьць у Вірджыніі да канца году. У плянах — пачаць дастаўкі бесьпілётнікамі ў Фінляндыі.