Свабода пагутарыла з адным з анархістаў, якія 20 красавіка былі затрыманыя міліцыяй у Кобрынскім раёне. Ён заявіў пра зьдзекі з боку міліцыянтаў. Міліцыя кажа пра дробнае хуліганства з боку затрыманых.
У суботу пад Берасьцем супрацоўнікі спэцыяльнага атраду міліцыі хуткага рэагаваньня затрымалі 11 актывістаў анархісцкага руху, якія праводзілі ў лесе летнік.
Адзін з затрыманых, Іван, расказаў Свабодзе пра дзеяньні міліцыі пасьля затрыманьня. Івану 24 гады, ён працуе ў Берасьці, лічыць сябе актывістам анархісцкага руху.
Пра разагнаную міліцыяй сустрэчу ён сказаў, што гэта ня быў нейкі палітычны сход.
«Мы сабраліся, проста каб адпачыць. Некаторыя, як я, маюць анархісцкія погляды, некаторыя — не. Алькаголю і наркотыкаў у нас не было», — кажа Іван, які не захацеў назваць сваё прозьвішча.
«Білі і пагражалі»
Паводле Івана, да хаты ў вёсцы Тэўлі Кобрынскага раёну, дзе адпачывала кампанія моладзі ў колькасьці 11 чалавек, прыехалі больш за 10 амапаўцаў.
«Прыехала мо рота амапаўцаў, у некаторых на вопратцы былі надпісы „СОБР“. Міліцыянты былі з аўтаматамі, у бронекамізэльках, з дубінкамі. Яшчэ былі супрацоўнікі наркакантролю», — кажа Іван.
Паводле маладога чалавека, міліцыянты ўсіх маладзёнаў паклалі на падлогу і надзелі кайданкі.
«Хто супраціўляўся ці пра нешта распытваў, білі па нагах і руках, падымалі за кайданкі з падлогі. Пагражалі „пасадзіць на бутэльку“ тых, хто абураўся дзеяньнямі міліцыі і не называў сябе.
Аднаго хлопца адвялі ў прыбіральню, а калі вывелі адтуль, дык казалі, што яго апускалі галавой ва ўнітаз, маўляў, усё, ты цяпер апушчаны», — расказаў Іван.
За што так зрабілі з тым хлопцам, Іван ня ведае. Зь вёскі Тэўлі ўсіх перавезьлі ў Кобрынскі РАУС, паставілі «на расьцяжку»: да сьценкі з шырока расстаўленымі нагамі. Так стаялі каля 2 гадзін, пазьней пачалі выводзіць па адным на размову.
«Чуў, як казалі, што ў кагосьці знайшлі ўлёткі, але сам гэтага ня бачыў», — згадаў Іван. Да вечара суботы аднаго з кампаніі адпусьцілі, бо ён быў непаўналетні, іншых ноч пратрымалі ў ІЧУ.
«Вазілі на наркатычную экспэртызу»
На наступны дзень 5 чалавек, у тым ліку і Івана, вывелі, каб везьці на экспэртызу. Але аднаго вярнулі ў камэру.
«Тром хлопцам, якія першыя прайшлі экспэртызу на наяўнасьць наркатычных рэчываў, абвясьцілі, што ў іх у крыві нешта знайшлі. Хлопцы пачалі абурацца, казалі, што нічога ніколі не прымалі.
Тады міліцыянты чамусьці пачалі супакойваць, што гэта можа быць недакладна, што яшчэ адправяць аналізы ў Берасьце», — сказаў Іван.
Сам Іван ад экспэртызы адмовіўся. У выніку прыкладна а 14.30 іх выпусьцілі зь міліцыі і вярнулі рэчы. Адпушчаным сказалі, што яны папярэджаныя аб неабходнасьці насіць з сабой пашпарты. Дзе цяпер знаходзяцца астатнія 6 затрыманых і што зь імі, Іван ня ведае.
Што кажуць у міліцыі
Ільля Томін, супрацоўнік групы інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Берасьцейскага абласнога ўпраўленьня міліцыі, сказаў, што «пакуль ня мае інфармацыі пра затрыманьне анархістаў у Кобрынскім раёне». Пра скаргі затрыманых на зьбіцьцё і катаваньні сказаў:
«Калі такая інфармацыя ў нас будзе, праверым і разьбяромся».
Пра знаходжаньне ў зьняволеньні 6 маладых людзей, якіх затрымалі 20 красавіка, карэспандэнту Свабоды пацьвердзілі ў ізалятары часовага ўтрыманьня Кобрынскага РАУС.
«Так, у нас 6 чалавек такіх ёсьць. Іх вінавацяць у дробным хуліганстве, іхную віну вызначыць суд», — сказаў супрацоўнік міліцыі, які падняў слухаўку на нумары начальніка ІЧУ.
Міліцыянт не ўдакладніў, у чым пэўна праявілася дробнае хуліганства затрыманых:
«Іх у мяне такіх шмат, не магу трымаць усё ў галаве. Паўтараю, суд вызначыць віну кожнага».