Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шосты прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Што важна пра яго ведаць


Рэакцыя Ўладзіміра Зяленскага на абвешчаныя вынікі экзыт-полу. 21 красавіка 2019 году
Рэакцыя Ўладзіміра Зяленскага на абвешчаныя вынікі экзыт-полу. 21 красавіка 2019 году

Свабода сабрала важныя факты пра новаабранага прэзыдэнта Ўкраіны.

Ва Ўкраіне падлічваюць вынікі галасаваньня, якое адбылося ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў 21 красавіка. Паводле папярэдніх падлікаў на 8 гадзін раніцы 22 красавіка Ўладзімір Зяленскі мае падтрымку 73 % выбарнікаў, за Пятра Парашэнку прагаласавала 24 % грамадзян, якія прыйшлі на выбары. Такім чынам, паводле папярэдніх вынікаў і паводле Нацыянальнага экзыт-полу, шостым прэзыдэнтам Украіны выбраны актор і бізнэсовец Уладзімір Зяленскі.

Вучыўся на эканаміста

Уладзімір Зяленскі нарадзіўся ў 1978 годзе ў горадзе Крывы Рог Днепрапятроўскай (цяпер Січаслаўскай) вобласьці Ўкраіны ў сям’і прафэсара кібэрнэтыкі.

У дзяцінстве пражыў чатыры гады ў Манголіі, дзе працаваў ягоны бацька. Вучыўся ў крывароскай гімназіі з паглыбленым вывучэньнем ангельскай мовы і браў актыўны ўдзел у школьнай самадзейнасьці. Пазьней скончыў Крывароскі эканамічны інстытут Кіеўскага нацыянальнага эканамічнага ўнівэрсытэту і атрымаў юрыдычную адукацыю. Але па спэцыяльнасьці ніколі не працаваў.

Клюб вясёлых і знаходлівых

Зяленскі падчас выступу ў «95-м квартале»
Зяленскі падчас выступу ў «95-м квартале»

​Са школьнага ўзросту пачаў захапляцца папулярнай у СССР гульнёй — Клюбам вясёлых і знаходлівых. Яго запрасілі ў каманду КВЗ «Запарожжа — Крывы Рог — Транзыт» для пастаноўкі танцавальных нумароў. Неўзабаве Зяленскі стаў ня толькі танчыць у камандзе, але і выконваць ролі.

У 1997 годзе разам зь Дзянісам Манжосавым, Юрыем Крапавым і Аляксандрам Пікалавым стварыў каманду «Квартал 95», у якой Уладзімір Зяленскі стаў ня толькі капітанам і акторам, але і аўтарам большасьці нумароў. З 1998-га па 2003 год каманда выступала ў Вышэйшай лізе КВЗ, таму большасьць часу ці жыла ў Маскве, ці гастралявала па краінах СНД. У 2003-м, пасьля канфлікту з кампаніяй «АміК»​ Аляксандра Масьлюкова, Уладзіміру Зяленскаму прапанавалі застацца ў гульні, але без каманды — у якасьці аўтара і рэдактара. Зяленскі адмовіўся і пакінуў Вышэйшую лігу КВЗ разам са сваёй камандай.

Знаёмы зь Мядзьведзевым

Уладзімір Зяленскі знаёмы з прэмʼер-міністрам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым. У адным зь інтэрвію ён расказваў, што выступаў перад ім, калі той зь візытам прыяжджаў да Віктара Януковіча. Актор сьцьвярджаў, што Мядзьведзеву спадабаліся ягоныя жарты, але сказаў, што «ў нас так ня трэба».

Высьмейваў Лукашэнку

Актор прызнаваўся, што ведае ўсіх прэзыдэнтаў Украіны і кіраўнікоў некалькіх краін СНД, бо неаднаразова выступаў на афіцыйных прыёмах. Ці знаёмы ён з Аляксандрам Лукашэнкам, пакуль невядома. Але ў сваёй творчасьці высьмейваў яго ня раз.

Сям’я

Уладзімір Зяленскі (у цэнтры) з жонкай Аленай і сябрамі ягонай каманды падчас дэбатаў зь Пятром Парашэнкам на Алімпійскім стадыёне ў Кіеве. 19 красавіка 2019 году
Уладзімір Зяленскі (у цэнтры) з жонкай Аленай і сябрамі ягонай каманды падчас дэбатаў зь Пятром Парашэнкам на Алімпійскім стадыёне ў Кіеве. 19 красавіка 2019 году

​Уладзімір Зяленскі разам са сваёй жонкай Аленай, зь якой пазнаёміўся ў студэнцкія гады, выхоўвае дваіх дзяцей (дачцэ Аляксандры 14 гадоў, сыну Кірылу — 6). У прэсу трапіла толькі некалькі сямейных фатаздымкаў, нават у сацыяльных сетках, дзе актор вельмі актыўны, іх не знайсьці. Па словах самога шоўмэна, менавіта жонка настойвае на ахове прыватнага жыцьця ад староньніх вачэй. З канцэртных выступаў, у якіх Уладзімір Зяленскі часта выкарыстоўвае сямейныя дыялёгі, можна даведацца, што ягоная дачка марыць стаць прадусарам і, як і многія яе аднагодкі, хоча зьехаць з Украіны, бо адчувае сябе ў небясьпецы.

Ніколі ня быў на дзяржаўнай службе

Дагэтуль Зяленскі ня быў дзяржаўным чыноўнікам і ня быў абавязаны публічна дэкляраваць свае маёмасьць і прыбыткі, але пасьля рэгістрацыі кандыдатам на прэзыдэнта вымушаны быў апублікаваць дэклярацыю. Праўда, толькі за 2017 год. Згодна зь ёй, ва ўласнасьці шоўмэн мае будынак у прыгарадзе Кіева плошчай больш як у 300 квадратных мэтраў, зямельны ўчастак, а ў Кіеве — некалькі кватэр і нежылых памяшканьняў. Мае аўтамабіль Range Rover 2016 году выпуску.

Мае бізнэс у Расеі

Але як высьветліла ўкраінская служба Радыё Свабода, Уладзімір Зяленскі паказаў ня ўсю сваю ўласнасьць. У прыватнасьці, журналісты выявілі бізнэс у Расеі — тры кінакампаніі, якія належаць шоўмэну і яшчэ чацьвярым ягоным бізнэс-партнэрам. На рахункі адной зь іх, ТАА «Грын Філмс», з 2014 па 2017 год, паводле дадзеных Расстату, было пералічана больш як 850 мільёнаў расейскіх рублёў. Тры фільмы вытворчасьці гэтай кампаніі атрымалі пракатнае пасьведчаньне ў Расеі, і адзін зь іх — «Петля Нестерова» — паказаў расейскі Першы канал. А ў 2017 годзе кампанія Ўладзіміра Зяленскага атрымала дзяржаўную субсыдыю зь бюджэту Расеі на вытворчасьць фільма «Клятва».

Да публікацыі гэтага расьсьледаваньня актор пераконваў, што не вядзе бізнэсу ў Расеі з 2014 году, а пасьля вымушаны быў заявіць аб выхадзе са складу заснавальнікаў кіпрскай кампаніі Green Family LTD, якая і валодае расейскай «Грын Філмс».

Мае дзелавыя сувязі з алігархам

Але асноўная крытыка Ўладзіміра Зяленскага ў ходзе выбарчай кампаніі была сканцэнтраваная на ягоных магчымых сувязях з адным з самых заможных украінскіх алігархаў Ігарам Каламойскім, зь якім пасварыўся Пятро Парашэнка, — спачатку ён адправіў яго ў адстаўку з пасады кіраўніка Днепрапятроўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, а потым быў нацыяналізаваны адзін з галоўных ягоных актываў — «Прыватбанк».

Плякат з выявамі Уладзіміра Зяленскага і алігарха Каламойскага. Львоў, 8 лютага 2019 году
Плякат з выявамі Уладзіміра Зяленскага і алігарха Каламойскага. Львоў, 8 лютага 2019 году

Галоўнай падставай для такіх абвінавачаньняў стаў той факт, што перадачы кампаніі Зяленскага «Квартал 95» стала трансьлююцца на тэлеканале «1+1», уласьнікам якога зьяўляецца Ігар Каламойскі. Кантракт на іх паказ разьлічаны да 2022 году. Вядома таксама, што Зяленскі быў госьцем на сьвяткаваньні 55-гадовага юбілею алігарха ў Швайцарыі. Апроч таго, журналісты зафіксавалі, што ў выбарчым штабе актора працуе юрыст алігарха Андрэй Багдан, зь якім ён некалькі разоў езьдзіў у Ізраіль, дзе цяпер і жыве Ігар Каламойскі.

У той жа час, на неафіцыйных дэбатах, што адбыліся за адзін дзень да галасаваньня на стадыёне ў Кіеве, Уладзімір Зяленскі, адказваючы на пытаньне Пятра Парашэнка, заявіў, што гатовы «зрабіць усё, каб Каламойскі ды іншыя былі адсечаныя ад бюджэтных рэсурсаў».

Дапамагаў арміі

Пасьля пачатку ўзброенага канфлікту на Данбасе акторы студыі «Квартал-95» перадалі каля аднаго мільёна грыўняў (больш як 45 тысяч даляраў) на патрэбы ўкраінскага войска і праводзілі канцэрты перад вайскоўцамі ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі.

Ідзе на адзін тэрмін

Уладзімір Зяленскі заявіў, што ідзе ў прэзыдэнты на адзін тэрмін, каб зламаць сыстэму, супраць якой грамадзяне Ўкраіны паўсталі ў 2014 годзе. Ён абяцаў скасаваць недатыкальнасьць прэзыдэнта, дэпутатаў і прытрымлівацца эўрапейскага курсу Ўкраіны, спрыяць украінскай мове, дамагацца заканчэньня баявых дзеяньняў на Данбасе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG