Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як штабы Зяленскага і Парашэнкі рыхтуюцца да вынікаў выбараў


У штабе Пятра Парашэнкі
У штабе Пятра Парашэнкі

Паводле інфармацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны, паводле стану на 15 гадзін у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў узялі ўдзел больш як 45% грамадзян. Выбарчыя ўчасткі закрыюцца а 20-й гадзіне, і толькі пасьля гэтага выбаркамы пачнуць падлічваць галасы.

Аднак прыкладна ў гэты самы час Нацыянальны экзыт-пол абнародуе папярэднія вынікі галасаваньня, атрыманыя ў выніку апытаньня выбарнікаў на выхадзе з участкаў.

Экспэрты мяркуюць, што хутчэй за ўсё яны будуць ідэнтычныя вынікам апошніх сацыялягічных дасьледаваньняў, якія сьведчаць аб трохразовым адрыве новага для Ўкраіны палітыка, вядомага шоўмэна і бізнэсоўца Ўладзіміра Зяленскага ад дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі.

Свабода наведала выбарчыя штабы абодвух кандыдатаў.

«Каштоўнасьці, якія мы абараняем»

Каманда дзейнага прэзыдэнта, як і ў дзень першага туру выбараў, працуе ў Мастацкім арсэнале. Гэты нацыянальны культурна-мастацкі комплекс быў створаны ў 2006 годзе ў часе прэзыдэнцтва і паводле ініцыятывы Віктара Юшчанкі. Пятро Парашэнка тут неаднойчы ладзіў свае прэсавыя канфэрэнцыі.

Для журналістаў арганізаваны прэсавы цэнтар і вялікая заля для сьпікераў. Сёньня тут тэматычныя выступы — прадстаўнікі каманды Пятра Парашэнкі распавядаюць пра каштоўнасьці, якія трэба абараняць.

Па сутнасьці, экспэрты і прадстаўнікі грамадзкасьці паўтараюць заяву Пятра Парашэнкі, якую ён зрабіў сёньня ў часе галасаваньня — важна ня прозьвішча наступнага прэзыдэнта, а стратэгія, паводле якой будзе разьвівацца дзяржава.

«Пытаньне ў тым, ці будзе падоўжаны шлях эўрапейскага і паўночнаатлянтычнага курсу, ці адбудзецца скачок у невядомасьць, бо дагэтуль невядома, што прапануе апанэнт Пятра Парашэнкі», — заявіў кіраўнік парлямэнцкай фракцыі Блёку Пятра Парашэнкі Артур Герасімаў.

Артур Герасімаў
Артур Герасімаў

Найперш каманда дзейнага прэзыдэнта заклапочаная пераемнасьцю ўлады ў складзе трохбаковай менскай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе.

«Мы заўсёды падкрэсьлівалі, што менскія дамоўленасьці ёсьць ключавымі і іх трэба выконваць», — сказаў Свабодзе Артур Герасімаў.

Разам з тым ён паведаміў, што пакуль што ніякіх перамоваў з камандай апанэнта аб пераемнасьці ў складзе менскай групы не праводзіліся: «Але мы зробім усё, каб гэты напрамак захаваўся. Бо санкцыі супраць Крамля прывязаныя менавіта да менскага працэсу».

Артур Герасімаў таксама дадаў, што заўсёды любіў прыяжджаць у Беларусь: «Цяпер гэта цяжэй рабіць, бо ў вас там агульная сыстэма з Расеяй, якая ўключыла мяне — дый усю нашую фракцыю — у санкцыйны сьпіс Расейскай Фэдэрацыі».

У штабе ведаюць магчымыя вынікі галасаваньня, але пакуль адмаўляюцца іх камэнтаваць. Згодна з заканадаўствам, у выпадку паразы Пятро Парашэнка мусіць толькі ў чэрвені перадаць Уладзіміру Зяленскаму прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. Але ў любым выпадку Пятро Парашэнка застанецца ў палітыцы і пойдзе на парлямэнцкія выбары, якія маюць адбыцца сёлета ў кастрычніку.

Журналістаў у штабе Пятра Парашэнкі пакуль няшмат. Але і ігнараваньня прэзыдэнта, які праграе, няма. Аншляг будзе ўвечары, калі пасьля абвяшчэньня вынікаў Нацыянальнага экзыт-полу ў штаб прыедзе Пятро Парашэнка. «Прэзыдэнт будзе тут абавязкова, незалежна ад вынікаў другога туру», — паведаміў Свабодзе прадстаўнік выбарчага штабу.

«Усе будзе Зе!шыбісь»

Штаб Уладзіміра Зяленскага разьмяшчаецца ў Чэмпіён-холе ў кангрэсава-выставачным комплексе «Паркавы», які ў народзе вядомы як «верталётная пляцоўка Віктара Януковіча». Пасьля ўцёкаў Януковіча ў Расею комплекс быў перададзены ў камунальную ўласнасьць Кіева. Сёлета ў лютым суд пастанавіў вярнуць комплекс былому ўласьніку, але пракуратура падала пратэст.

У штабе шматлюдна з раніцы. Тут, таксама, як і ў апанэнтаў, кожных паўгадзіны праводзяцца брыфінгі, у перапынках журналісты могуць згуляць у настольныя гульні — тэніс ці хакей.

Што да самой каманды, то яна рыхтуецца ўвечары адсьвяткаваць перамогу. У перамозе яны ўпэўненыя — на выбарчых ўчастках ад каманды Зе працуе больш як 18 тысяч назіральнікаў.

Але нягледзячы на ўпэўненасьць у перамозе, у штабе пакуль адмаўляюцца расказваць аб першых кроках і рашэньнях Уладзіміра Зяленскага на пасадзе прэзыдэнта. «Увечары, пасьля абвяшчэньня экзыт-полаў Уладімір Аляксандравіч прыедзе ў штаб, больш карэктна, калі ён сам пра гэта скажа», — паведаміў палітычны кансультант штабу Дзьмітры Разумкоў.

Не сьпяшаюцца абнародаваць і прозьвішчы кандыдатаў на пасады міністра абароны, міністра замежных справаў і кіраўніка Службы бясьпекі, якія прэзыдэнт мае ўнесьці на зацьвярджэньне ў парлямэнт. «Гэта небясьпечна для кандыдатаў», — дадаў Разумкоў, намякаючы на магчымы іх перасьлед з боку дзейнай улады.

Што праўда, кіраўнік фракцыі «Блёк Пятра Парашэнка» Артур Герасімаў адразу гэта зьняўпраўдзіў: «Украіна — дэмакратычная краіна. І гэта галоўнае дасягненьне за апошнія пяць гадоў. Пра палітычны перасьлед ня можа быць і гаворкі».

Тым часам студыя «Квартал 95» ужо пачала рыхтаваць канцэрты без удзелу Уладзіміра Зяленскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG