Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ «Пытаньні эўрапейскай і эўраатлянтычнай інтэграцыі», у якім зацьвердзіў плян мерапрыемстваў па рэалізацыі стратэгічнага курсу дзяржавы, паведаміла прэс-служба прэзыдэнта.
«Кіраўнік дзяржавы зацьвердзіў плян мерапрыемстваў па рэалізацыі стратэгічнага курсу дзяржавы на набыцьцё паўнапраўнага членства Ўкраіны ў Эўрапейскім Зьвязе і ў Арганізацыі Паўночнаатлянтычнага дагавора з мэтай забесьпячэньня незваротнасьці эўрапейскага і эўраатлянтычнага курсу Ўкраіны, згодна з часткай трэцяй артыкулу 102 Канстытуцыі Ўкраіны», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце прэзыдэнта Ўкраіны.
Згодна з указам, Кабінэту міністраў Украіны прапануецца забясьпечыць выкананьне разам з адпаведнымі дзяржаўнымі органамі пляну мерапрыемстваў па рэалізацыі стратэгічнага курсу дзяржавы на набыцьцё паўнапраўнага членства Ўкраіны ў ЭЗ і NATO, зацьверджанага гэтым указам, і штоквартальна інфармаваць прэзыдэнта Ўкраіны аб хадзе выкананьня, а таксама даваць справаздачу аб выкананьні названага пляну мерапрыемстваў ва ўстаноўленыя тэрміны.
7 лютага Вярхоўная Рада прыняла закон аб замацаваньні ў Канстытуцыі стратэгічнага курсу Ўкраіны на сяброўства ў ЭЗ і NATO. 19 лютага прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў дакумэнт, 21 лютага закон уступіў у сілу.