Расейскі пісьменьнік Дзьмітрый Быкаў тэрмінова шпіталізаваны ў адну зь лякарняў Уфы, паведамляюць мясцовыя выданьні ProUfu.ru і UTV.ru. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў галоўны рэдактар „Эха Москвы“ Аляксей Венядзіктаў, піша „Медуза“.
У сталіцы Башкірыі Быкаў павінен быў выступіць 16 красавіка зь лекцыяй «Расейскі анэкдот як літаратурны жанр» у рамках аўтарскага праекту «Простая мова». Пісьменьніку стала дрэнна за некалькі гадзін да выступу, з гэтай прычыны лекцыю скасавалі.
«Комсомольская правда – Уфа» паведамляе, што ў Быкава падазраюць інсульт. Паводле непацьверджаных зьвестак, ён у коме.
Апроч выступу ва Ўфе, скасаваныя найбліжэйшыя лекцыі пісьменьніка ў Маскве, Таліне і Рызе.
Дзьмітрый Быкаў быў сярод амаль 100 расейскіх дзеячоў культуры, праваабаронцаў і палітолягаў, якія падпісалі адкрыты ліст з ініцыятывай аб правядзеньні «Кангрэсу інтэлігенцыі супраць вайны, супраць самаізаляцыі Расеі, супраць рэстаўрацыі таталітарызму» пасьля анэксіі Крыму.
Расейскі актор Міхаіл Яфрэмаў вёў вострыя паэтычныя тэлешоў «Гражданин поэт» і «Господин хороший», дзе чытаў у тым ліку вершы Дзьмітрыя Быкава.