Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абмежаваць мабільнікі, увесьці штат ахоўнікаў. Якія захады бясьпекі Мінадукацыі прапануе для школ


Міліцыянты каля школы №2 у Стоўпцах пасьля трагедыі
Міліцыянты каля школы №2 у Стоўпцах пасьля трагедыі

А ў кіраўніцтве школ могуць зьявіцца намесьнікі дырэктара па бясьпецы. Начальнік галоўнага ўпраўленьня выхаваўчай працы і моладзевай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык падчас круглага стала агучыў прапановы наконт бясьпекі ў школах, паведамляе БелТА.

«Дадаткова з Мінфінам, Мінпрацы і сацыяльнай абароны прапрацоўваюцца пытаньні аб увядзеньні ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі штатнай колькасьці ахоўнікаў (дадаткова да вартаўнікоў), а таксама пасады намесьніка дырэктара па бясьпецы. Гэтае пытаньне можа быць вырашана ўжо да новага навучальнага года», — паведаміў Эдуард Тамільчык.

Ён дадаў, што гэтыя супрацоўнікі не абавязкова мусяць быць супрацоўнікамі міліцыі, але для іх распрацуюць пералік абавязкаў і патрабаваньняў.

Забараніць мабільнікі на ўроках

Яшчэ адна прапанова — абмежаваць для вучняў магчымасьць карыстацца мабільнымі тэлефонамі. Гэту інфармацыю Эдуард Тамільчык агучыў са спасылкай на загад Мінадукацыі ад 11 сакавіка 2019 году.

«Гэтым загадам, апроч іншага, даручана галоўным упраўленьням па адукацыі аблвыканкамаў, камітэту па адукацыі Менгарвыканкаму ўнесьці ў правілы ўнутранага распарадку для навучэнцаў пункт аб абмежаваньні выкарыстаньня імі мабільнай сувязі падчас адукацыйнага працэсу», — сказаў Эдуард Тамільчык.

Ён таксама прапаноўвае стварыць у школах адмысловыя месцы для захоўваньня мабільных прылад.

Увесьці факультатывы па псыхалёгіі

Яшчэ адная навінка — факультатывы па псыхалёгіі. Да пачатку 2019/2020 навучальнага году будзе распрацаваная праграма факультатыўных заняткаў для VII-IX і X-XI клясаў. Гэта на думку

Мінадукацыі будзе спрыяць паляпшэньню псыхалягічнага клімату ў школе.

11 лютага ў Стаўпейцкай школе № 2 адбыўся напад з нажом на настаўніцу і трох вучняў. Адзін вучань і настаўніца загінулі, яшчэ двух школьнікаў шпіталізавалі з раненьнямі.

Тады Мінадукацыі і чыноўнікі называлі вінаватымі ў трагедыі:

  • інтэрнэт;
  • бацькоў;
  • падлеткаў, у якіх «невядома што ў галаве»;
  • сацыяльна-пэдагагічныя і псыхалягічныя службы (СППС), школьных псыхолягаў.

Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае

  • Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
  • 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG